У Гродне на рынгу спаборнічалі байцы сусветнага ўзроўню (фота і відэа)
З гэтага года змешаныя адзінаборствы прызнаныя ў Беларусі відам спорту, хоць і даўно з’яўляюцца відам спорту ў іншых краінах.
Гродна прымаў турнір міжнароднага ўзроўню ўпершыню. Акадэмія ММА стараецца, каб турніры такога ўзроўню праходзілі ва ўсіх абласных гарадах нашай краіны.
Спаборніцтвы MMA (Mix Martial Arts) перакладаюцца даслоўна менавіта як “змешаныя адзінаборствы”. Аднак у нашай краіне ўмацавалася іншая назва – “Баі без правілаў”.
На сённяшні дзень яна не адлюстроўвае сутнасці адзінаборстваў, бо правілы ў ММА ёсць і іх нашмат больш, чым у канкуруючых відах: боксе і муай тае.
У дадзеным відзе спорту ёсць жорсткія правілы, якія павінны выконваць спартсмены, прадстаўнікі і трэнеры каманд.
Спіс месцаў, куды забаронена наносіць удары, складаецца з больш чым 100 старонак фармату А4! У асноўным, спартсменам нельга біць у пах, у вочы, у патыліцу, пазваночнік і рабіць забароненыя болевыя прыёмы на пальцы.
Тут дазволеныя ўдары рукамі, нагамі і барацьба ў стойцы. З-за таго, што ў іншых відах адзінаборстваў падзяляюцца ўдары і барацьба, змешванне стыляў прыцягвае вялікую колькасць гледачоў.
Байцы выступаюць у ахоўнай экіпіроўцы. Абавязкова наяўнасць пальчатак і капы, якую забаронена выплёўваць або выцягваць падчас бою. Яна абараняе сківіцу спартоўцаў ад пераломаў. Часцей дадзеную траўму атрымліваюць спартоўцы, якія маюць “шкодную звычку” дыхаць ротам, трымаючы яго паўадчыненым.
Галоўнай інтрыгай турніру стаў бой у “прэстыжнай” вагавой катэгорыі больш за 93 кілаграмы, дзе сустракаліся беларус Аляксей Кудзін і украінец Уладзімір Непачатаў. У спарынгу перамог беларускі спартовец, не прабыўшы на рынгу і хвіліны.
У Беларусі Аляксей Кудзін лічыцца № 1 сярод спартсменаў цяжкай вагі.
За Гродна выступаў прадстаўнік ведамаснай аховы Сямён Тырля, які таксама атрымаў перамогу над супернікам.
align=”left” >Баец з Туркменістана Мейніс Аманмырадаў удзельнічаў у баях ММА ўпершыню.
“Я прымаў удзел у спаборніцтве па рукапашным баі, дзе мяне ўбачылі і запрасілі.
Займацца пачынаў з трох гадоў, таму што бацька таксама займаўся баявымі мастацтвамі і з’яўляецца чэмпіёнам па дзюдо. Мае бацькі ганарацца, што я пачаў выступаць у міжнародных турнірах.
За гады трэніровак абвыкаеш да траўмаў і болю. Думаеш толькі пра перамогу, і адрэналін не дае адчуваць болю. Маю моц духу на рынгу падтрымлівае мая мусульманская рэлігія і духоўнасць”.
Філасофія гэтага віду спорту ў тым, што тут важна захаваць байцоў, паказаць прыгожыя баі, а не жорсткасць.
Арганізатарамі турніру выступілі прамоўтэрскі цэнтр “Файт Спорт прамоўшэн” і Акадэмія ММА.
Здымкі аўтаркі
Відэа Юліі Каляды