На сёлетнім “Басовішчы” выступяць гарадзенцы
Папулярную польскую музычную сцэну прадставяць зорныя каманды Indios Bravos, Kim Nowak ды Masala Soundsystem. Больш традыцыйны накірунак застанецца за Orkiestrą Klezmerską Teatru Sejneńskiego.
Беларуская альтэрнатыва на фэсце цешыць актуальнасцю: Pomidor/OFF, Re1ikt, The Toobes, Vinsent, Akute, Clover Club і не толькі. Асабліва цікавым павінен быць сумесны выступ выбітнага беларускага акардэаніста Ягора Забелава (адзін са стваральнікаў “Гурзуфа”) і польскага мультыінструменталіста Влодзімежа Кінёрскага.
Сярод іншых вартых блізкай увагі выступоўцаў: падляшскія беларусы Ilo&Friends, украінская Перкалаба. Варта звярнуць увагу і на госця спаза музычнага свету – на БАСы завітае знакаміты польскі сучасны мастак Павел Альтхамер, вядомы сваім супрацоўніцтвам з гуртом N.R.M. (акцыя “Прамень сонца”).
Плакат фэсту ў гэтым годзе заахвочвае ехаць не толькі дзеля файных гуртоў
Конкурс маладых выканаўцаў штораз перажывае змены і сёлета выглядае зусім дзіўна. Польска-беларускае журы праслухае запісы 28 гуртоў (некаторыя з цяжкасцю трапляюць у катэгорыю маладых – глядзіце спіс тут) ды выбярэ сярод іх адзін, які выступіць на сцэне ў Борыку (40-хвілінны сэт) і атрымае грашовую ўзнагароду.
У журы ўваходзяць Вячаслаў Радзівонаў (Ultra-Music), Юра Сідун (generation.by), Зміцер Безкаравайны (experty.by), Сяргей Будкін (budzma.org), Павел Грэсь (Фонд Villa Sokrates) і Мацвей Сэвастыянік (БАС).
Фестываль “Басовішча” пройдзе ў гэтым годзе 19-20 ліпеня ў Грудэку пад Беластокам.