Вячаслаў Лісічкін: “Хакей па ТВ гляджу рэдка, падабаецца амерыканскі футбол”



Слава, чым займаешся ў адпачынку, ужо з’ездзіў куды-небудзь?

 

Цяпер адпачываю з сям’ёй у санаторыі, сумяшчаем прыемнае з карысным. Аднаўляюся пасля сезону.


Аддаеш перавагу хутчэй беларускім санаторыям, чым заморскім курортам?

 

Гледзячы, што мне трэба. Калі адпачыць, то, вядома, за мяжой, а калі паправіць здароўе, то бліжэй да хаты. Шчыра кажучы, гэта наогул мой першы досвед правядзення адпачынку ў санаторыі!

Слава на адпачынку з дачкой Сафіяй

 

Падабаецца? Ці чакаў лепшага?

 

Я адразу не будаваў ілюзій наконт сервісу, таму ўсе так, як і чакалася. Але я ехаў за працэдурамі, а яны мяне цалкам задавальняюць.

У мінулым годзе Слава абраў адпачынак на Мальдзівах…



Зборная і амерыканскі футбол



Давай успомнім мінулы сезон. Можа, цябе нешта трывожыць, тое што ты не здолеў зрабіць ці выканаць у мінулым сезоне? Ці ўсё прайшло як трэба?

 

Ну што можа трывожыць, калі мы выйгралі Кубак Прэзідэнта! Адзінае, што траўма не дала шанцу праявіць сябе ў зборнай, а так усё добра!

З кубкам, Слава пасярэдзiне


Як ацэньваеш гульню зборнай на Чэмпіянаце свету?

 

Згулялі на сваім узроўні. Калі б пашанцавала ў некаторых гульнях, месца было б крыху вышэйшае. Шчыра кажучы, хакей гляджу па тэлевізары вельмі рэдка.


А што глядзіш?

 

Амерыканскі футбол вельмі падабаецца!


Я чуў, што амерыканскі футбол гэта неад’емная частка трэніроўкі хакеістаў. Часта гуляеце?

 

Няма такога, першы раз чую! Можа, я проста не сутыкаўся з гэтым. Адкуль такія думкі?


Я проста заўсёды назіраю за маладымі хакеістамі, асабліва летам, калі трэніроўкі праходзяць на вуліцы. Дык яны гуляюць у рэгбі.

Слава з жонкай Iнай на ўзнагароджанні чэмпiёнаў


Са зборнай гэты год не атрымаўся. Ці плануеш трапіць у зборную на Чэмпіянат свету, які будзе праходзіць у Мінску?

 

Пажывём-пабачым, так далёка не зазіраю.



Аб зменах у беларускім хакеі



Якое тваё меркаванне пра ліміт на легіянераў і ліміт на ўзрост гульцоў?

 

Адмоўнае! Маладым ствараюць цяплічныя ўмовы! Я лічу, калі малады хлопец добры, ён і так патрапіць у аснову. І калі рабіць толькі двух легіянераў, то трэба прыбіраць узроставы ліміт.


Каго не спытаеш – усё супраць гэтых лімітаў. Дык для чаго або з-за чаго гэта робіцца?

 

А хто галасуе за іх? На выканкаме супраць галасуюць людзі, якія раней самі гулялі ў хакей. А вось хто галасуе за і чаму іх большасць? Гэта і ёсць пытанне!


Яшчэ аб адным з новаўвядзенняў. Якое тваё меркаванне пра самаакупнасць клубаў? Ці змогуць клубы самі сябе забяспечваць?

 

Думаю, гэта нерэальна.


Увогуле, як ты ацэньваешь дзеянні федэрацыі ў плане развіцця хакею ў Беларусі? А менавіта тое, што “Дынама” павінна быць базавым клубам для зборнай.

 

Трэба развіваць дзіцячы хакей і плаціць дзіцячым трэнерам годную зарплату. Але трэнеры павінны быць кваліфікаваныя, тады будуць вырастаць добрыя гульцы. З рашэннем па “Дынама” спазніліся, трэба было адразу так і рабіць. Рыжскае “Дынама” пайшло па гэтым шляху і прытрымліваецца яго да гэтага часу.


Пасля гульнявой кар’еры не плануеш стаць трэнерам?

 

Пакуль пра гэта не задумваюся. Хаця было б цікава паспрабаваць.

Небяспечны момант ля варот “Металурга”



Легенды гарадзенскага спорту



Пытанне, якое даўно хацеў задаць. Асабіста ў мяне хакейны “Нёман” асацыіруецца з табой, футбольны – з Дзмітрыем Кавалёнкам. Многія хлопцы хочуць на вас раўняцца, вы ўжо легенды гарадзенскага спорту. У чым сакрэт поспеху?

 

Дарэчы, Дзіму сёння акурат бачыў [усміхаецца]. Па пытанню нават не ведаю, што адказаць. Тут шмат фактараў.

Але што робіць чалавека вядомым?

 

Ды не такі я і вядомы! А галоўнае: працавітасць, дысцыпліна і псіхалогія.


Не трэба быць такім сціплым, у горадзе Лісічкін у нас адзін! Гэтаксама і з Кавалёнкам.

 

Вось мне крыўдна, як з Дзімам паступілі!


Даўно вы з ім знаёмыя?

 

Не вельмі, але маем добрыя адносіны. Ён заўсёды на хакей прыходзіць і сам не супраць паганяць шайбу. Ён фота новае выклаў, паглядзі! Гэта я яму сёння майку падарыў.

Дзмітрый Кавалёнак у новай майцы, падарунак ад Славы


Можа і ты таксама аматар цяжкай музыкі?

 

Я рускаму року аддаю перавагу, але і цяжкае таксама падабаецца.


Дзiма табе сваю майку таксама падарыў?

 

Я проста не калекцыяную майкі. А ў Дзімы яшчэ Касціцына ёсць, дарэчы.


Наш сайт чытаеш?

 

Я дрэнна разумею беларускую мову. Нарадзіўся ў Мурманску, прыехаў у Беларусь у 1998 годзе і першай камандай стаў “Нёман”. Гуляў адразу ў першай камандзе, але бывала, што і за дубль.


Ты ўжо больш за 15 гадоў у “Нёмане”. Ці была магчымасць куды-небудзь з’ехаць, змяніць клубную прапіску?

 

Калісці былі прапановы, але ўсё што робіцца – да лепшага. Даруй, у мяне сядае батарэйка ў тэлефоне!


Калі так, то скажы на развітанне, што зычыш заўзятарам “Нёмана”, якія з нецярпеннем чакаюць новага сезону?

 

Заставацца такімі ж адданымі, найлепшымі заўзятарамі!