Прома-ролік фільма аб абароне Гродна ў 1939 годзе можа з’явіцца ўжо летам

|

Ідэя фільма ўзнікла ў вядомага польскага журналіста Пятра Касцінскага, які даўно займаецца праблематыкай жыцця польскіх меншасцяў у краінах, якія знаходзяцца за ўсходняй мяжой Польшчы.

 

Дзейнасць Пятра Касцінскага выходзіць далёка за рамкі журналісцкай. Менавіта ён узначальвае фонд Яўхіма Лелявеля і з’яўляецца сцэнарыстам будучага 30-хвіліннага фільма.

 

На яго рахунку ўжо ёсць кніга аб дэпартацыі палякаў з Украіны і зняты па ёй фільм “Праз чырвоную мяжу”.

 

У дадзены момант фонд Лелявеля зацікаўлены ў стварэнні аматарскай карціны пра жыццё палякаў на беларускай зямлі, а менавіта пра абарону Гродна ў 1939 годзе.

Карта баёў за Гродна з кнігі Kresy w czerwieni 1939, аўтар Cz.K. Grzelak

 

Па словах сябра галоўнай рады Саюза палякаў у Беларусі Анжэя Пісальніка, кіраўнік фонду падтрымлівае цесныя кантакты з палякамі ў Беларусі.

 

“Калі ў размовах усплыў факт аб тым, што ў 1939 годзе Гродна быў адзіным горадам, які аказаў супраціў Чырвонай Арміі пасля пачатку ІІ сусветнай вайны, Пётр Касцінскі зацікавіўся ідэяй зняць пра гэта кіно.

 

У гарадзенцаў ёсць прабел у гісторыі горада тых часоў. Журналіст вырашыў зрабіць інсцэнізацыю таго факту з жыцця Гродна і паказаць сучаснай моладзі той гістарычны эпізод, той патрыятызм насельніцтва горада”.

 

Саюз Палякоў выступіць кансультантам па гістарычных падзеях таго часу, таму што ў гарадзенскіх гісторыкаў захаваліся дакументы, якія дапамогуць узнавіць падзеі верасня 1939 года з найбольшай дакладнасцю.

 

“Наша арганізацыя таксама зацікаўлена ў стварэнні гэтай карціны, таму што гэта дапаможа задакументаваць гісторыю Польшчы, Беларусі і людзей, якія жылі ў той час у Гродне.


Мы дамовіліся з Фондам Яўхіма Лелявеля, што будзем усяляк спрыяць стварэнню фільма і максімальна распаўсюджваць інфармацыю аб праекце”.

 

Задача Фонду Лелявеля – зняць фільм з найменшымі выдаткамі і намаганнямі. Паколькі Саюз палякаў не спадзяецца на садзейнічанне беларускіх уладаў у стварэнні аматарскага кіно, фільм будзе здымацца на тэрыторыі Польшчы.

 

“Магчымасці для здымання ў Беларусі абмежаваныя. Мы не спадзяемся на тое, што беларускія ўлады дадуць дазвол на здымку фільма.

 

Па гэтай прычыне тэрміны з’яўлення стужкі будуць залежаць ад таго, наколькі хутка і якія сродкі ўдасца сабраць Фонду”.

 

Таксама стваральнікам фільма трэба знайсці танк, які неабходна будзе транспартаваць у месца здымак, і горад у Польшчы, які будзе больш за ўсё падобны на даваенны Гродна.

Адна з вуліц горада ў дні далучэння Заходняй Беларусі да СССР

 

“Саюз палякаў падрыхтуе серыю фотаздымкаў, каб спецыялісты змаглі знайсці вуліцы ў польскіх гарадах з неабходнай архітэктурнай забудовай.


Зараз напісанне сцэнарыя падыходзіць да канца. На наступным этапе гарадзенскія гісторыкі будуць кансультаваць рэжысёра, каб выключыць любыя недакладнасці ў сцэнарыі фільма”.

 

Ініцыятары гэтага праекта спадзяюцца, што сабраных сродкаў будзе дастаткова для таго, каб у канцы лета беларуская і польская моладзь ужо змагла ўбачыць прома-ролік будучай аматарскай кінастужкі.

 

На першым здымку – кавалерыя праходзіць па адной з вуліц Гродна ў дні далучэння Заходняй Беларусі да СССР

Здымак victory.rusarchives.ru