У Гродне прайшла першая вега-сустрэча з удзелам гасцей з Масквы
Сустрэча пачалася з таго, што гарадзенскія вега-актывісты распавялі пра першыя крокі ў сваёй дзейнасці, праблемы, і пра тое, як у рэстаранах горада з’явіліся абазначэння вегетарыянскіх страў.
Юлія Каляда, актывістка гарадзенскага вега-руху:
“Шмат вегетарыянцаў скардзіліся на тое, што не хапае адзнак у меню ў пунктах харчавання горада. Мы правялі трохмесячную працу з гарадзенскімі кафэ і рэстаранамі. Пасля гэтага з’явіліся адзнакі ў некаторых рэстаранах і наладзіліся кантакты з рэстаратарамі.
Калі 10 гадоў таму вегетарыянства было нейкай субкультурай тыпу панкаў, цяпер многія становяцца вегетарыянцамі не толькі па этычных прычынах, колькі з-за здаровага харчавання.
Нам вельмі хацелася б, каб вегетарыянства было на слыху, і людзі не ставіліся да яго як да секты. Сёння сітуацыя ўсё больш пачынае мяняцца і колькасць вегетарыянцаў расце”.
Да праблем, якія на сённяшні дзень вылучаюць гарадзенскія вегетарыянцы, адносяцца адсутнасць у меню страў без мяса, адсутнасць адзнак, невуцтва персаналу ў адносінах да вегетарыянцаў і няпоўнае ўказанне інгрыдыентаў страў.
У другой частцы вечара актывісты з Масквы Алег Возераў і Мікіта Юшкоў распавялі аб веганскім мысленні, здаровым харчаванні і абароне жывёл.
Мікіта Юшкоў:
“Мы ездзім па гарадах былога Савецкага саюза. Толькі вярнуліся з Тбілісі, дзе ладзілі падобныя сустрэчы і знаёмілі мясцовую моладзь з зааабарончымі праектамі.
Сваёй дзейнасцю мы хочам падняць рух абароны жывёл у рускамоўных краінах, каб людзі задумаліся над сваімі дзеяннямі, і жывёлам стала лягчэй”.
Зааабаронцы распавялі пра тое, што ў Тбілісі ў бліжэйшы час з’явіцца еўразійская штаб-кватэра зааабарончыя руху, дзе будуць кансалідаваны ўсе сілы зааактывістаў з Расіі, Украіны, Беларусі, Грузіі і Арменіі.
Алег Возераў:
“Я ўзгадваю 2007 год, калі я пачынаў займацца гэтым, як было тады і як цяпер. І скажу, што прарыў бачны. Зааабарончы рух, вегетарыянства і веганства разрастаюцца і становяцца ўсё больш папулярнымі.
У Беларусі пакуль няма як такавога руху абароны жывёл. Ёсць нейкія разрозненыя групы, якія нешта спрабуюць рабіць. Я спадзяюся, што ў будучыні сумеснымі высілкамі і за кошт падтрымлівання кантактаў, мы зможам дамагчыся большых вынікаў”.
Сустрэча завяршылася паказам італьянскага мастацкага фільма пра радыкальных абаронцаў жывёл “Аўрора. Сны аб свабодзе”. Кінастужка распавядае пра зааабарончы актывізм у Італіі, таму што менавіта гэтая краіна займае лідзіруючыя пазіцыі па колькасці вегетарыянцаў у Еўропе.
Таксама на сустрэчы ўпершыню ў горадзе быў праведзены фрымаркет. Усе жадаючыя змаглі падзяліцца рэчамі, якія яшчэ можна выкарыстоўваць, каб скараціць спажыванне і колькасць смецця.
Дарэчы, пасля вега-сустрэчы ў меню бара “Куба” таксама з’явіліся адмысловыя адзнакі насупраць вегетарыянскіх страў.