Удзельнікі Форума польскай адукацыі ў Гродне: “Польская мова ў Беларусі можа знікнуць”

10 год таму польскую мову ў Беларусі вывучала 17 тысяч вучняў, цяпер – няпоўныя 13 тысяч. Хаця гэта і так лепш, чым у 2008-2009 навучальным годзе.

Часцей за ўсё яны авалодвалі польскай мовай на пазакласных занятках (6,7 тыс. вучняў).

 

Настаўнікі сярод розных праблем вылучаюць: малую колькасць адукацыйных паездак у Польшчу, праблемы з падручнікамі і палітычную сітуацыю ў краіне.

 

Амбасадар Польшчы ў Беларусі спадар Лешак Шарэпка звярнуў увагу на тое, што беларускія палякі рэдка выкарыстоўваюць сваю мову ў штодзённым жыцці:

 

“Калі выходзіш з касцёла, дык адразу за дзвярыма дамінуе руская мова. Я лічу, што без штодзённага выкарыстання ў жыцці, намагчыма будзе захаваць польскую мову. Яшчэ адно-два пакаленні і цяжка будзе знайсці людзей, якія б размаўлялі па-польску”.


Генеральны консул Польшчы ў Гродне Анджэй Хадкевіч звярнуў увагу на тое, што кантакты з польскімі інстытуцыямі не вітаюцца беларускімі ўладамі: “Нам паведамлялі, што шмат каго папярэджвалі, каб не ехалі на канферэнцыю ў Гродна, бо гэта можа кепска паўплываць на іх працу”.

 

Дыпламаты выказалі меркаванне, што незалежна ад актыўнасці польскіх прадстаўніцтваў у Беларусі, будучыня польскамоўнай адукацыі ў руках мясцовых бацькоў. Без актыўнасці грамадства цяжка знайсці аргументы за павелічэннем фінансавання адукацыі. Гэтак, чарговыя польскія школы маглі б з’явіцца ў Лідзе, Шчучыне, Воранаве, дзе колькасць палякаў складае адпаведна 40, 50 і 80 адсоткаў, але “пакуль няма націску знізу, каб гэтыя школы былі створаны”.

 

У адукацыйным форуме ўдзельнічала каля 80 чалавек: настаўнікі, актывісты польскай меншасці, дыпламаты. На форум не прыйшлі прадстаўнікі дзяржаадміністрацыі ў сферы асветы, якіх запрашалі афіцыйна. Не было таксама дырэктараў дзвюх польскіх школ: гарадзенскай і ваўкавыскай.

 

Паводле polskieradio.pl

Здымак Włodzimierz Pac, Polskie Radio