Пра “СМЕРШ” і МДБ і контррэвалюцыйныя анекдоты

|

Менавіта ў гэты час я заканчваў збіраць матэрыялы для гэтага артыкула, адным з герояў якого і з’яўляецца супрацоўнік “СМЕРШ” Георгі Князеў. Упершыню мы сустракаемся з ім у канцы 1942 г. пад Сталінградам. У той перыяд, вельмі скупы на ўзнагароды, камандаванне вылучыла контрразведчыка на ордэн Чырвонай Зоркі. Ва ўзнагародным лісце гаварылася:

 

Лейтэнант дзяржбяспекі старэйшы оперупаўнаважаны Асобага аддзела НКУС 124-й стралковай дывізіі Георгі Князеў на фронце знаходзіцца з чэрвеня 1941 г. Узорна выконвае заданні камандавання. Сваімі актыўнымі мерапрыемствамі дапамагае камандаванню ва ўмацаванні вайсковай дысцыпліны.


Рашуча і своечасова спыняе намеры варожага элементу і своечасова робіць яго адабранне (зразумела, адабранне варожага элементу – Ю. К.). Тав. Князеў дасягнуў таго, што ў яго палку няма ніводнага выпадку здрады Радзіме. Князеў рэпрэсаваў шэраг асоб, якія намераваліся здрадзіць Радзіме і выкрыў нямецкага шпіёна, які прабраўся ў 622-і стралковы полк”.


Знаёмая лексіка, ці не праўда? Цікава, што рабіў нямецкі шпіён у савецкім стралковым палку на сталінградскім кірунку. Дапамагаў знішчаць армію Паўлюса?

 

Тым не менш, ужо ў лістападзе 1942 г. лейтэнант дзяржбяспекі Князеў атрымаў свой першы ордэн Чырвонай Зоркі. Ён паспяхова ваюе і далей, а ў жніўні 1944 г. узнагароджваецца другім ордэнам Чырвонай Зоркі. Чытаем – за што канкрэтна:

 

“Гвардзіі капітан, намеснік начальніка Аддзела контрразведкі “СМЕРШ” 96-й гвардзейскай стралковай дывізіі Георгі Князеў прымаў актыўны ўдзел у выкрыцці варожых да савецкай улады элементаў, якія прабраліся ў шэрагі Чырвонай Арміі. У выніку праведзенай тав. Князевым работы ў падраздзяленнях дывізіі было выкрыта і рэпрэсавана некалькі груп, якія праводзілі варожую работу. У перыяд наступлення дывізіі, гэта значыць, у ліпені месяцы, тав. Князеў так арганізаваў фільтрацыю затрыманых, што дасягнуў выяўлення сярод іх ярых ворагаў савецкай улады”.


Гаворка ідзе як раз пра наступленне дывізіі на беларускай зямлі. У прынцыпе, зразумела, чым займаўся капітан Князеў. А вось і канкрэтны выпадак з жыцця дывізіі, у якой ён служыў. Ужо ў пераможным 1945 г. ваенны трыбунал прыгаварыў маёра Віктара Трашкова да сямі гадоў зняволення. За што?

 

“Трашкоў, які быў намеснікам камандзіра палка, сярод афыіцэрскага саставу палка распаўсюджваў контррэвалюцыйныя анекдоты. Так ён у лютым 1945 г. расказаў афіцэрам Далгову і Васількову два контррэвалюцыйных анекдота, у якіх утрымліваўся паклёп на калгасны лад і на кіраўніцтва партыі і ўрада”.

 

Што тут скажаш? Суд вынес вельмі гуманнае рашэнне, усяго па тры з паловай гады няволі за кожны анекдот. Вось так атрымалася, што ў 1945 г. баявы афіцэр Трашкоў накіраваўся ў сонечныя паўночныя раёны Савецкага Саюза, а капітан Князеў у хуткім часе з’явіўся на Гарадзеншчыне, дзе ён працягваў службу ў адпаведных структурах тагачаснага МДБ.

 

Прайшло сем гадоў, наступіў 1952 год. Адбыўшы тэрмін пакарання, Віктар Трашкоў выйшаў на волю, а Георгі Князеў, як гаворыцца ў афіцыйнай даведцы, загінуў пры ліквідацыі тэрарыстычнай групы ў Зэльвенскім раёне. І яшчэ. Справядлівасць, у рэшце рэшт, была адноўлена. Віктара Трашкова рэабілітавалі. Ён дажыў да юбілейнага 1985 г., калі яго ўзнагародзілі ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені. Прозвішча маёра я адшукаў у адпаведных спісах.

 

Ілюстрацыя istpravda.ru