Гарадзенцы ізноў адзначыліся ў “Прэс-фота Беларусі”
Гран-пры ў гэтым годзе ўзяў фатограф Вячаслаў Цуранаў, што ўжо 11 год супрацоўнічае з газетай Міністэрства ўнутраных спраў “На страже”. Ён зрабіў серыю пастановачных партрэтаў у турме №8 у Жодзіне.
Леанід Шчаглоў з Гродна заняў першае месца ў катэгорыі “Мастацтва ды забавы” (адзіночныя здымкі). Ён прадставіў на конкурс здымак, на якім дэсантнікі сумесна з спартсменамі Гродзенскага аэраклуба адзначылі дзень ПДВ скачкамі з парашутам. Раней фатограф неаднаразова трапляў у шорт-ліст прэміі.
Аляксей Бібікаў захаваў на здымку кранальны момант апошняга званка ў Шчучыне, за што атрымаў другое месца ў катэгорыі “Традыцыі” (адзіночныя здымкі). Аляксей ужо раней займаў прызавыя месцы ў конкурсе.
Усе здымкі сёлетніх пераможцаў можна паглядзець тут.
Гарадзенцы не ўпершыню атрымліваюць узнагароды “Прэс-фота Беларусі”. У 2010 годзе у намінацыі “Прырода” перамог гарадзенец Аляксандр Саенка. У 2011 годзе гарадзенка Наталля Дораш заняла другое месца ў катэгорыі “Народныя традыцыі” за цыкл “Паства”. Выхадзец з Гродна Андрэй Лянкевіч штогадова адзначаецца сярод лепшых фатографаў краіны. Вядомая фатограф Юлія Дарашкевіч, таксама родам з Гродна, працуе ў аргкамітэце фестывалю.
Нагадаем, фотаальбомы “Прэс-фота Беларусі 2011”, канфіскаваныя на літоўска-беларускай мяжы ў лістападзе 2012 года, былі прызнаныя судом у Ашмянах экстрэмісцкімі матэрыяламі. Касацыйныя скаргі фатографаў і іх адвакатаў на гэтае рашэнне будзе разглядаць 24 чэрвеня Гродзенскі абласны суд.