Алесь Краўцэвіч паказаў беларускую гісторыю вачыма беларусаў

Алесь Краўцэвіч лічыць сваю кнігу галоўным праектам жыцця. “Нашу гісторыю ў свой час пісалі ў Маскве, – узгадвае аўтар. – Казалі – вы капайце, а мы будзем абагульняць”.

Напісанне “Гісторыі ВКЛ” гэта спроба паказаць беларускую гісторыю вачыма беларусаў. “Дагэтуль пра гісторыю ВКЛ пісалі мала, – зазначыў спадар Алесь, – палітычны бок падзеяў увогуле было забаронена разглядаць”.

Гісторыю ста гадоў існавання Вялікага Княства пры князях Віцені і Гедыміне Алесь Краўцэвіч пісаў цягам дзесяці год. Праз год ён плануе напісаць працяг – пра панаванні Альгерда і Кейстута.

На прэзентацыю прыйшлі сябры аўтара. На здымку – мастак Уладзімір Кіслы

 

Кніга выглядае як манаграфія, але напісана ў больш прывабным літаратурным стылі. “Каб яе захацелася прачытаць, – тлумачыць спадар Алесь, – бо раней жа факультэт называўся не проста гістарычны, а гісторыка-філалагічны. Вось і сёння трэба шукаць цікавую форму, каб данесці да чытачоў не толькі сухія факты”.

 

Падчас прэзентацыі кнігу можна было не толькі купіць, але і выйграць у віктарыне, прысвечанай пачаткам існавання Вялікага Княства. Найбольш правільных адказаў у выніку далі працаўнік выдавецтва “ЮрСаПрынт” і студэнт гарадзенскага гістфаку (які хутка зноў стане “не проста гістарычным”).

Другой мажлівасцю набыць “Гісторыю” амаль задарма стала дабрачынная латэрэя (на здымках вышэй). Дваццаці з шасцідзесяці яе ўдзельнікам пашчасціла атрымаць ці прэзентаваныя кнігі, ці дыскі з цыклам гістарычных праграм тэлеканала “Белсат”, кашулькі з лагатыпам “Белсат”, ці дзіцячыя фіранкі ў аўтамабіль.

Прэзентацыя сабрала каля сямідзесяці чалавек. Даволі многа было моладзі і маладых сем’яў з малымі дзецьмі.

Мерапрыемства зладжана ў межах Гарадзенскага Еўрапейскага клубу


Здымкі Яна Лялевіча