ММА і грэплінг у Гродне набіраюць абароты

|

Цяпер у многіх беларускіх гарадах няма асобных секцый па ММА або грэплінгу, таму спартоўцам, што хочуць выступаць на рынгу або займаюцца “для сябе”, даводзіцца шукаць іншыя спосабы для самаўдасканалення.

Напрыклад, запрашаць сталічных або замежных байцоў, каб пераймаць іх тэхніку і навыкі. Гэтак 24 чэрвеня ў Гродне свой майстар-клас правёў прызёр Беларусі па грэплінгу, чэмпіён M-1 Selection Belarus 2010 Раман “Хірург” Міраненка (на здымку злева на пярэднім плане).

 

Раман Міраненка:


“Я сам родам з Украіны, цяпер жыву ў Мінску і выступаю за беларускі клуб – Акадэмію ММА. Для мяне ўсё пачыналася з таго, што ў школьным узросце я пачаў займацца вольнай барацьбой. Пасля пераезду ў Мінск дадаліся тайскі бокс, грэплінг і ММА”.

 

     
  Грэплінг – від спартыўнага адзінаборства, які сумяшчае ў сабе тэхніку ўсіх байцоўскіх дысцыплін з мінімальнымі абмежаваннямі па выкарыстанні болевых і душачых прыёмаў. У аснове адзінаборства ляжаць прыёмы вольнай барацьбы, самба, дзюдо і бразільскага джыу-джытсу.  
     

Па словах Рамана, у Беларусі на рынг выходзяць хлопцы, якія маюць добрую базу ў якім-небудзь іншым відзе адзінаборстваў.

 

“У асноўным, гэта “ўдарнікі”, якія падцягваюць барацьбу, або “змагары” якія вырашылі падцягнуць свой ўдар.

 

У еўрапейскіх краінах сітуацыя крыху іншая. Дзіця, калі прыходзіць у адзінаборствы, першапачаткова пачынае займацца ММА, спасцігае ўсё комплексна.

 

У нас у краіне ёсць секцыі па ММА у некалькіх гарадах і некалькі секцый у Мінску. Хутчэй гэта кропкавыя секцыі, глабальнага маштабу пакуль няма”.

Лічыцца, што ў Беларусі добрая школа “ўдарнікаў”. Гэта спартоўцы, якія прыйшлі з каратэ, муай-тай, бокса, рукапашнага бою або кікбоксінга. Даволі шмат моцных байцоў міжнароднага ўзроўню жывуць у Беларусі, але іх ведаюць за мяжой значна лепш, чым на радзіме. Акадэмія ММА вырашыла выправіць становішча, праводзячы турніры высокага ўзроўню ў абласных цэнтрах краіны.

 

“Беларуская ўдарная школа заўсёды была на вышыні, але ММА, грэплінг, джыу-джытсу тут толькі пачынае развівацца.

 

Нядаўна я вярнуўся з Англіі са збору. Там ММА зарадзілася гадоў 10-15 таму, а ў нас толькі пачынае набіраць абароты.

 

Напрыклад, у Англіі ў клубе працуюць два трэнеры па ММА, некалькі трэнераў па тайскім боксе, трэнер па кардыападрыхтоўцы, фізіятэрапеўт, чорныя байцы па джыу-джытсу.

 

У нас жа трэніруе адзін трэнер па ММА, у якога барацьбітаўская або ўдарная база, і ён спрабуе ўсё гэта камбінаваць”.

Раман Міраненка ўжо як сем гадоў з’яўляецца вегетарыянцам, што не перашкаджае яму заваёўваць чэмпіёнскія тытулы.

 

“Адзін год я нават быў веганам. Мне абсалютна не перашкаджае тое, што я не ем жывёльнага бялку. Галоўнае, каб рацыён харчавання быў збалансаваны правільна.

 

Часам байцы задаюць мне пытанне аб тым, ці не перашкаджае мне гэта трэніравацца. Я адказваю ім, што ў мяне такая ж нагрузка, як і ў іх. Яны бачаць, што я б’юся, гэтак жа як і яны.


А дабаўкі? Іх можна не есці. Але калі ты спартсмен і займаешся прафесійна, то тут не важна, вегетарыянец ты ці не, бо дадаткі неабходныя. Напрыклад, пратэін. Арганізму патрэбна дадатковае падсілкоўванне, таму што той узровень нагрузак, якія ты атрымліваеш на трэніроўцы, нашмат больш, чым у звычайнага чалавека, які займаецца нават звычайнай фізкультурай”.

На семінары па грэплінгу і барацьбе ў партэры прыхільнікі ММА практыкавалі базавыя тэйкдауны, працу ў партэры і скручвання. У гэтым выглядзе спорту для дзяўчат і хлопцаў няма адрозненняў. Усё залежыць ад нагрузкі і стану здароўя.

 

     
  Партэр – становішча, калі адзін з байцоў знаходзіцца ў лежачым становішчы (на баку, на спіне, на грудзях) або стаіць на каленях.  
     

На семінары павышала свой узровень падрыхтоўкі і дэбютантка ММА Ксенія Стальбоўская (на здымку з Раманам). Дзяўчына нядаўна вярнулася з Беластоку, дзе ў турніры ALMMA 41 адправіла саперніцу ў глыбокі накаўт (глядзі відэа ніжэй).

 

Ксенія Стальбоўская:


“ММА я пачала займацца з лютага гэтага года. З 12 гадоў займалася барацьбой, заўсёды хацела дадаць ударную тэхніку, што цяпер і спрабую. У Мінску падобных семінараў праходзіць больш. Цяпер імкнуся спорт выставіць на першы план, але акрамя гэтага яшчэ ёсць вучоба і праца”.

Спартсменка нарадзілася ў Гродне, аднак цяпер жыве і трэніруецца ў Мінску. Было прынята рашэнне, пачынаючы з гэтага года, праводзіць трэніроўкі рэгулярна.

 

“Адна справа рынг або зала барацьбы, а іншае – жыццё. Я па прафесіі матэматык-праграміст, скончыла БДУ. Таксама, як і Раман, з’яўляюся вегетарыянкай.


Шчыра кажучы, мне шкада дзяўчынак біць. Мой апошні бой у Польшчы скончыўся накаўтам. У саперніцы быў зламаны нос. Я лічу, што там была невялікая памылка суддзі, таму што ён мог бой скончыць раней.


Мне пакуль твар ніхто не разбіў. Ніхто не застрахаваны, але гэта не самае страшнае. А калі адзін раз і атрымаю, то потым буду ведаць, што трэба больш працаваць над абаронай”.

Дзяўчына выступае ў аматарскай лізе. Яе першы прафесійны бой павінен быў праходзіць першага чэрвеня ў Гродне на міжнародным турніры Neman Challenge. Аднак саперніца з Берасця адмовілася ад удзелу ў апошні момант.

 

“Я хачу далей развівацца і ісці ў гэтым напрамку. Зараз выступаю на аматарскім узроўні, гаворкі пра грошы пакуль не ідзе. Калі атрымаецца ў будучыні выйсці на прафесійную арэну, то буду толькі цешыцца”.

 

У Мінску Ксенія займаецца бразільскім джыу-джыцу і тайскім боксам.

 

“У Беларусі жаночыя змешаныя адзінаборствы слаба развітыя. Ёсць перспектывы, таму трэба спрабаваць і ісці наперад. Ёсць суперніцы, і ёсць шанцы іх перамагчы. Зараз у прафесійнай лізе ў маёй вазе гатовыя выступаць толькі тры суперніцы”.


Здымкі аўтаркі