Форум прадпрымальнікаў: за правядзенне нацыянальнага страйку і выхад з Мытнага саюзу

|

Такое рашэнне прынята на форуме прадпрымальнікаў у Мінску 24 чэрвеня, – паведаміў лідар грамадскага аб’яднання “Перспектыва” Анатоль Шумчанка.

Прычына – незадаволенасць прадпрымальнікамі ўвядзеннем патрабаванняў тэхнічнага рэгламента Мытнага саюза “Пра бяспеку прадукцыі лёгкай прамысловасці”.

 

З 1 ліпеня прадпрымальнікі гатовыя арганізаваць масавыя акцыі пратэсту, пайсці ў вымушаныя адпачынкі, спыніць выплату падаткаў. Калі патрабаванні дакумента не будуць удасканаленыя.

Мінгандлю, Мінздароўя, Мінсельгасхарч і Дзяржкамітэт па стандартызацыі  рыхтуюць пастанову, паводле якой для прадпрымальнікаў, якія плоцяць адзіны падатак, да 1 ліпеня 2014 года будзе дзейнічаць спрошчаны парадак сэртыфікацыі.

Аднак збіраць давядзецца фактычна тыя ж дакументы, якія патрэбныя для сэртыфікацыі, а прыватных унітарным прадпрыемстваў, якіх у Беларусі налічваецца каля 80 тысяч, гэта ўвогуле не тычыцца.

Да таго ж, прадстаўнікі Еўразійскай эканамічнай камісіі, якія прысутнічалі на форуме прадпрымальнікаў, заявілі, што гэтыя дакументы беларускага боку будуць нядзейснымі, бо супярэчаць рашэнню ЕЭК.

 

Некалькі дзён таму дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтве Мінэканомікі Аляксандр Груздоў паведаміў пра падрыхтоўку сумеснай пастановы, якая вырашыць усе праблемы прадпрымальнікаў. Цяпер чыноўнікі дэпартамента ігнаруюць любыя спробы з імі звязацца.

“Меркаванне простых прадпрымальнікаў такое, што на сённяшні дзень менавіта гэты геапалітычны суб’ект (Мытны саюз) ставіць пад пагрозу нацыянальны бізнес Беларусі”, – сказаў Шумчанка.

 

27 чэрвеня прадпрымальнікі плануюць правесці аднадзённы папераджальны страйк супраць увядзення патрабаванняў тэхрэгламенту, тады ж абгавораць дэталі кампаніі па зборы подпісаў за выхад Беларусі з Мытнага саюза.


У Гродне папераджальны страйк гандляроў прайшоў 16 чэрвеня.

 

Паводле http://naviny.by