У Гродне ізноў знішчаюць дрэвы

|

“У нас адпаведны загад”, – патлумачылі “азеляніцелі”. “А чаму нас ніхто не запытаў?” – абурыліся жыхары. Рабочыя толькі паціскалі плячыма. Тады людзі пачалі званіць у розныя гарадскія інстанцыі і, у рэшце рэшт, дазваніліся да прыёмнай старшыні аблвыканкама Сямёна Шапіры. Там паабяцалі дапамагчы.

Сапраўды, вельмі хутка на месцы канфлікту з’явіліся два прадстаўнікі гарвыканкама, якія на ўсялякі выпадак вырашылі не называць свае прозвішчы (!), аднак уступілі ў размову з жыхарамі дома. Яны расказалі цікавую гісторыю, што быццам бы менавіта самі жыхары (!) прасілі спілаваць гэтыя дрэвы, бо яны ўсім надакучылі. Замест зялёных насаджэнняў мясцовым быццам бы востра спатрэбілася аўтапляцоўка.

Жыхары дома з вялікім здзіўленнем сустрэлі гэтую навіну. “Вы нам скажыце, хто канкрэтна прасіў гэтую пляцоўку. Мы ад машын, якія дзень і ноч ідуць па праспекце, вельмі пакутуем”, – звярнуліся жыхары да гарадскіх чыноўнікаў.

Хтосьці запытаўся, ці ёсць праект таго, што будзе на месцы дрэваў. “Ёсць”, – запэўнілі прадстаўнікі гарвыканкама, аднак на прапанову паказаць, замяліся і сказалі, што паперы засталіся дзесьці ў калідорах улады.

У 12.30 ажыўлены дыялог на праспекце Касманаўтаў яшчэ працягваўся, тэхніка не працавала.  Чыноўнікі гарвыканкама настойвалі, што толькі пасля знішчэння дрэў для жыхароў дома № 8 і суседніх дамоў жыхарам будзе добра. Але тыя настроены рашуча бараніць “зялёнага сябра”.