У Гродне выяўлена каля 12 гектараў баршчэўнiка Сасноўскага

|

Па словах намесніка старшыні Гродзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вадзіма Палякова, закон замацоўвае адказнасць за рэгуляваннем колькасці баршчэўніка Сасноўскага за землекарыстальнікам.

 

“У дадзеным выпадку жыхарам вуліцы Церашковай трэба звярнуцца ў Гродназелянбуд, таму што менавіта яны з’яўляюцца землекарыстальнікамі дадзенай тэрыторыі. Падрабязна пра абавязкі землекарыстальнікаў гаворыцца ў Законе РБ “Аб раслінным свеце” № 205-З ад 14 чэрвеня 2003г”.

 

Кожнае гарадское месца росту баршчэўніка, аб якім ведаюць супрацоўнікі Камітэта, узята на ўлік. Усяго ў Гродне на ўліку 35 месцаў росту баршчэўніка. Яго плантацыі займаюць агульную плошчу ў 11,7 га.

 

На знішчэнне пустазелля ў бюджэце Гродзенскай вобласці на 2013 год закладзена 21 мільён рублёў.

Баршчавік на вул. Церашковай

 

Знішчэнне дзікарослых раслін можна праводзіць з дапамогай ручнога або механічнага знішчэння, скошвання, прымянення пестыцыдаў, узворвання, засева травасумесямі або ляснымі культурамі.

 

Механічны спосаб менш эфектыўны, таму што баршчэўнік шматгадовая расліна і зноў хутка адрастае. Часам мэтазгодна правядзенне камбінаванага (спалучэнне хімічнага і механічнага) спосабаў.

 

Насенне баршчэўніка жыве да 5-7 гадоў. Каб яго перамагчы, трэба на ўчастку праводзіць працу па яго знішчэнні працягам ад трох да сямі гадоў.

 

“Трэба рабіць пастаяннае скошванне, пачынаючы з красавіка. Камітэт стала нагадвае пра гэта, друкуе карысную інфармацыю ў прэсе, рассылае інфармацыйныя лісты, праводзіць кансультацыйную работу сумесна з УЖРЭПамі і ЖЭСамі.

 

Аб многіх месцах лакалізацыі баршчэўніка паведамляе мясцовае насельніцтва. Так аб з’яўленні новай лакалізацыі баршчэўніка ў Пагаранах-Кашэўніках у Камітэт паведаміла жыхарка пасёлка. Таксама ў гэтым годзе выяўлены адзінкавыя расліны на вуліцы Гая. Паводле месцаў буйных ачагоў распаўсюджвання Зарыца лічыцца адным з самых праблемных раёнаў.

 

Расліна выклікае цяжкія дэрматыты, падобныя на апёкі, пры трапленні яе клеткавага соку на скуру людзей і жывёл. Часта ахвярамі становяцца дзеці, якія не ведаюць аб небяспечных наступствах кантакту з баршчэўнікам.

Баршчавік на вул. Церашковай

 

Ваяваць з пустазеллем можна толькі ў гумовых пальчатках. Калі сок трапіў на слізістую ці ў вочы, то іх неабходна неадкладна прамыць вялікай колькасцю вады і звярнуцца да ўрача.

 

Акрамя баршчэўніка Сасноўскага, паводле Пастановы Мінпрыроды №2 ад 10 студзеня 2009г. “Аб некаторых пытаннях рэгулявання распаўсюджвання і колькасці відаў дзікарослых раслін”, небячпечнымі для чалавека таксама лічацца баршчэўнiк Мантэгацы, сумнiк канадскi, клён ясенелiсты і эхiнацысцiс лопасцевы.

 

Здымкі з архіву ТС