Рэканструкцыя Будзёнага: як гараж стаў склепам
Гаспадар дома не мае нічога супраць, але ён здзіўлены тым, што з ім ніхто папярэдне не размаўляў, ніякія дэталі з ім не ўдакладнялі. І яшчэ яго вельмі засмучае слова “склеп” у дакуменце.
“На самай справе гэта гараж”, – удакладняе Іван Журневіч і ахвотна дэманструе, як выглядае забудова знутры.
Вось месца для машыны, вось яма для агляду. Усё, як кажуць, на месцы. Больш за тое, Іван Журневіч паказвае тэхнічны пашпарт, у якім чорным па белым адзначаецца, што гэта гараж.
“Усё афыцыйна, – гаворыць ён. – Я і страхоўку кожны год выплачваю за гараж”.
Адкуль жа тады ўзнік “склеп”? Ніхто з прадстаўнікоў улады не прыходзіў да гаспадара высветліць гэта пытанне, ліст з жыллёва-камунальнай гаспадаркі прыйшоў раптоўна. 28 чэрвеня ён быў дастаўлены ў другой палове дня, і, па словах Журневіча, у гэты ж дзень гаспадару трэба было падрыхтаваць “склеп” да зносу.
“Склеп і гараж – рэчы зусім розныя, – тлумачыць Іван Журневіч. – Калі гараж можна ацаніць у пяць тысяч долараў, то склеп пацягне на суму ў дзесяць разоў меншую. Відаць, улады вырашылі крыху зэканоміць”.
Апошняя фраза рытарычная. Вядома, што гэты год аб’яўлены годам эканоміі і беражлівасці. Толькі ў нас гэтыя паняцці абрушваюцца на простых людзей, а на розных пампезных мерапрыемствах улады не надта эканомяць.
Іван Журневіч цяпер дзяжурыць на сваім участку. Ён лічыць, што цяжкая тэхніка можа з’явіцца тут у любы момант і без папярэджання прыступіць да работы.
“Буду бараніцца да апошняга”, – гаворыць ён.
Здымкі аўтара