Раварыстка з Брэста спужалася бел-чырвона-белага сцяга
Ануфрый Рамановіч, родам з-пад Гродна, у дадзены момант жыве ў Беластоку, дзе з’яўляецца чальцом роварнага клуба “Eskapada”. Ён меў даручэнне ад старшыні беластоцкага роварнага клуба правесці групу ўдзельнікаў прабегу з Беластока да Супрасля.
Раварысты з Беларусі, Польшчы і Літвы ехалі на сваіх роварах з нацыянальнымі сцягамі. Спадар Ануфрый прыехаў таксама з такім сцягам – бел-чырвона-белым. Аднак гэта не спадабалася некаторым удзельнікам велапрабегу з Беларусі.
Удзельніца берасцейскага роварнага клуба папрасіла спадара Ануфрыя прыбраць сцяжок, бо гэта магло б не спадабацца прадстаўнікам беларускай улады, якія ўдзельнічаюць у арганізацыі прабегу. Спадар Рамановіч патлумачыў, што ён не можа гэтага зрабіць і што сцяг мае для яго вялікае значэнне. Тады жанчына сарвала сцяг з ровара. Рамановіч выклікаў паліцыю.
Спадар Рамановіч мяркуе, што ў групе беларускіх раварыстаў едзе куратар з КДБ, таму некаторыя спужаліся прысутнасці нацыянальнага сцяга.
Транспамежны велапрабег праходзіць з 27 чэрвеня па 8 ліпеня. Сёння, 2 ліпеня, удзельнікі прыехалі ў Гродна. Тут у іх будзе дзень на адпачынак і магчымасць далучыцца да святкавання Дня Незалежнасці Беларусі.
Паводле racyja.eu
Здымак Анны Кандрацюк-Сверубскай, racyja.eu