У Гродне рабочыя спрабавалі знесці дом, у якім былі людзі
Кватэры ўзамен яны ўжо атрымалі і лічылі, што ў іх ёсць традыцыйны месяц, каб перавезці рэчы на новае месца жыхарства. Тым больш, што канкрэтны тэрмін высялення ў паперы не быў вызначаны. Якім жа было іх здзіўленне, калі ў другой палове панядзелка раптоўна на іх галовы ў прамым сэнсе пасыпаўся дах. Рабочыя, нават не вызначыўшы, ці ёсць хто ў памяшканні, пачалі з дапамогай экскаватара рушыць будынак.
Гаспадар кватэры растлумачыў пазней, што на той момант у пакоі знаходзіліся два чалавекі і сабака. “Сабака – гэта не які-небудзь зламаны парасон, а член сям’і”, – дадаў ён. На шчасце, пры нечаканым разбурэнні ніхто не пацярпеў, людзі і сабака паспелі выскачыць на вуліцу.
Жыхары дома пачалі энергічна пратэставаць супраць такога гвалтоўнага зносу. Тым больш, што шмат якія рэчы яшчэ заставаліся на старым месцы. Сярод іх была газавая пліта з амаль поўным газавым балонам, таму раптоўны выбух мог быць цалкам магчымы. Пакуль ішла ўся гэта мітусня, у гаспадара кватэры кудысьці зніклі дзве торбы з рознымі дробязямі і акумулятар.
На пытанне, навошта было так так паспешна рушыць дом, рабочыя толькі паціскалі плячыма. Адзін з іх няўпэўнена сказаў, што быццам бы на вуліцу Будзёнага павінна прыехаць нейкае высокае начальства, якому будуць паказваць, што рэканструкцыя ідзе поўным ходам.
Здымкі аўтара