За знос гаража гарадзенец не атрымае ні капейкі

|
     
  Чытайце пачатак гісторыі тут  
     

 

Камунальшчыкі яшчэ раз праверылі ўсе дакументы і высветлілі, што спрэчнае памяшканне ўвогуле не было ў свой час належным чынам зарэгістравана, а таму зараз з’яўляецца не гаражом і не склепам, а незаконна ўзведзенай пабудовай. Таму за яе знос гаспадару можна ўвогуле нічога не плаціць.

 

Адпаведная папера прыйшла Івану Журневічу з гарвыканкама. У адказ ён напісаў скаргу ў пракуратуру. Аднак адтуль яго ліст накіравалі… у гарвыканкам! То бок у тую ўстанову, на якую ён скардзіўся.

Мы яшчэ раз сустрэліся з Іванам Журневічам. Хвалюючыся, ён зноў пачаў паказваць тэхнічны пашпарт, іншыя дакументы (на фота ніжэй), расказваць, што ніколі раней да яго гаража прэтэнзій не ўзнікала. Было бачна, што ён вельмі стомлены гэтай гісторыяй і ні на што добрае ўжо не спадзяецца.

Карэспандэнту “ТС” удалося выслухаць і прадстаўніка іншага боку ў гэтым канфлікце. Супрацоўнік гарвыканкама, які папрасіў не называць яго прозвішча, падрабязна расказаў, як ён бачыць сітуацыю. З яго слоў вынікае, што Іван Журневіч у свой час не паклапаціўся зарэгістраваць гараж па ўсіх правілах. А калі жыхарам вуліцы Будзёнага аб’явілі, што іх дамы ідуць пад знос, рабіць гэта было ўжо позна. Таму ў поўнай адпаведнасці з законам знос гаража не прынясе яго гаспадару ніякай выгады.

 

На маё ўдакладненне, што ў Івана Журневіча ёсць тэхнічны пашпарт на гараж, чыноўнік адказаў, што на самай справе той дакумент, што ў гаспадара, не асноўны, павінен быць яшчэ адзін, якога ў жыхара дома №7а і няма. “Ці можна Івану Журневічу хоць чымсьці дапамагчы ў гэтай сітуацыі?” – спытаўся я. Прадстаўнік улады толькі паціснуў плячыма: “Ён жа ад нас хаваецца, не хоча з намі сустракацца”.

 

Іван Журневіч можа суцешыць сябе тым, што за дрэвы і кустоўе са свайго ўчастку ён кампенсацыю атрымае. Праўда, не вельмі вялікую, як прызнаў прадстаўнік гарвыканкама.