Кіраўнік Саюза палякаў скардзіцца ў пракуратуру ў справе зніклага крыжа
“Мы напісалі, што закранутыя нашыя рэлігійныя пачуцці, а згодна з канстытуцыяй кожны чалавек мае права іх выказваць. Мы хочам, каб пракуратура высветліла, хто скраў крыж, асвечаны падчас імшы, і каб вінаватых пакаралі”, – сказаў Мечыслаў Яськевіч. Актывісты Саюза палякаў падазраюць, што да інцыдэнту датычныя спецслужбы.
Пра знікненне крыжа гаспадары прыватнага ўчастка ў вёсцы Рачкаўшчызна Шчучынскага раёна, дзе крыж быў устаноўлены, даведаліся ўчора. Іх выклікалі мясцовыя ўлады, быццам бы на размову наконт крыжа: хтосці па гэтай справе меў прыехаць са Шчучына. Пасля дзвюх гадзін чакання, калі ніхто да іх не прыехаў, яны вырашылі вярнуцца дадому. Крыжа на месцы ўжо не аказалася.
Крыж у памяць аб кіраўніку сіл АК Ліда-Шчучын Анатолю Радзівоніку “Олеху” 12 мая асвяціў ксёндз Анджэй Радзевіч з Гродна, капелан беларускіх ветэранаў АК. 19 чэрвеня за ўсталяванне крыжа былі пакараныя штрафамі 82-гадовая Вераніка Себасцьяновіч і Мечыслаў Яськевіч. Із звінавацілі ў арганізацыі і правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства.
Паводле wiadomosci.onet.pl
Здымак PAP/Jacek Turczyk