Акоўцы ўзгадалі сваіх герояў

|

Перад адкрыццём выставы ва ўнутраным дворыку будынку па вул. Будзёнага, 48а пачалі збірацца жанчыны і мужчыны старэйшага ўзросту. “Я амаль заўсёды ў хаце, трэба неяк займаць час”, – па-польску тлумачыла адна спадарыня сваёй суразмоўцы. Гаворка сярод прысутных ішла пра рэканструкцыю алтара Міхала Арханёла ў Фарным касцёле, аб гісторыі і лёсе Старога замка, Брыгіцкага касцёла, аб паходжанні назвы ракі Ласасянка і наступствах будаўніцтва ГЭС. Чуваць было, як з большымі ці меншымі намаганнямі, усё кола падтрымлівае размову на польскай мове.

 

 

Маладых твараў было менш. То тут, то там запальваліся беларускамоўныя спрэчкі аб істоце падзеяў часоў АК, аб нацыянальным самаўсведамленні гарадзенцаў, аб немагчымасці адзінага погляду на “Заходнюю Беларусь”, якую таксама называлі “Усходнімі Крэсамі”.

 

 

Толькі дзеці натуральна размаўлялі на рускай мове, смяяліся ўголас, нягледзячы на журботную тэму, бегалі нават падчас выступаў дарослых.

 

Для многіх гэта не проста гісторыя, – распачала сустрэчу Ірэна Валюсь, галоўны рэдактар часопіса “Magazyn Polski”. – Шмат для каго гэта сямейная гісторыя, хаця гэтых герояў і няма ў падручніках”.

 

 

align=”left” alt=”Image 32598″ >Прысутны консул Польшы Збігнеў Прухняк падзяліўся тым, што за тры гады жыцця на Беларусі ён узрушваецца часцей, чым у Польшы. “Тут адчуваецца гісторыя, – вызнаў консул, – і я распавядаю аб гэтым сваім знаёмым”. Спадар Збігнеў пашкадаваў, што прыйшло мала моладзі, бо “мы павінны гэтую памяць перадаваць маладым”, – адзначыў ён.

 

 

Мечыслаў Яськевіч, кіраўнік непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў у Беларусі, узгадаў падзеі 12 траўня гэтага году – усталяванне і асвячэнне крыжа на прыкладным месцы смерці кіраўніка сіл АК Ліда-Шчучын Анатоля Радзівоніка “Олеха” з наступным пакараннем штрафамі за “несанкцыянаваны мітынг” яго і Веранікі Себасцьяновіч. А таксама з болем адзначыў нядаўні акт вандалізму – спілаванне крыжа невядомымі і звязенне яго ў невядомым кірунку. “Ва ўсім свеце крыж – гэта святыня”, – адзначыў спадар Яськевіч.

 

На выставе прадстаўлены партрэт “Олеха” ў выкананні мастака Валера Стратовіча. Вацлаў Рамашка меўся адлюстраваць на палатне крыж з месца сімбалічнай магілы жаўнера, але не паспеў дамаляваць да пачатку выставы.

 

 

 

Экспазіцыю складалі таксама партрэты ў выкананні мастакоў Станіслава Кічко, Васіля Марцінчыка, Аляксея Спорскага, Сяргея Асапрылка, Пятра Янушкевіча, Наталлі Клімовіч, Станіслава Целюка, Анатоля Петрусевіча ды іншых.

 

 

Краязнаўца Вітальд Іваноўскі распавёў амаль пра кожнага жаўнера, адлюстраванага на палатне, як пра сваіх старых знаёмых, пра іх гераічныя подзвігі і трагічныя смерці. Андрэй Данкоўскі падзяліўся ўспамінамі аб сваёй нядаўна памерлай маці Марыі Данкоўскай “Ластаўцы”, чый партрэт таксама можна ўбачыць на выставе.

 

 

Гэта другая за год выстава Таварыства польскіх мастакоў пры Саюзе палякаў у Беларусі. Першы вернісаж такога кшталту ладзіўся ў студзені з нагоды гадавіны паўстання Каліноўскага.

 

 

У канцы старшыня Таварыства польскіх мастакоў Станісалаў Кічко запрасіў на сваю выставу з нагоды ўласнага 50-годдзя, якая адкрыецца ў нядзелю 21 ліпеня ў галерэі “Крыга”.