Вандроўка па старым Гродне. Частка V. Гарадская пошта
Сафійскі завулак з так званым Чортавым мостам. Мы ўжо пісалі, што некалі не існавала Сафійскай вуліцы – сённяшняй Леніна, бо там была дамба ад млына. А з млыном было звязаны многа гісторый пра чарцей, бо яны пад млыновым колам водзяцца. Вось і пра гарадзенскі Чортаў мост многае апавядалі. Там і цяпер адпаведная атмасфера, прыдзіце вечарком пасядзець там.
Садовая вуліца – значыць здымак зроблены ў самым пачатку ХХ ст. Пазней яна ўжо называлася Мураўёўскай. Яшчэ драўляны мост праз Гараднічанку, але ўжо высокія-высокія дрэвы з боку Швейцарскай даліны, там дзе рэчка нясе свае воды да Нёмана.
Мы знаходзімся акурат на засланым яшчэ дошкамі мосце над Гараднічанкай. Хутчэй за ўсё брукаванка на гэтым мосце з’явілася толькі ў 1938 годзе. Цікавы таксама ліхтар пасярэдзіне дарогі, мабыць аб’язджалі яго з двух бакоў. Злева бачны кавалачак дома Бібліна, які знаходзіўся на месцы цяперашняга помніка Элізы Ажэшкі. Далей – сучасны будынак аптэкаўпраўлення, яшчэ неатынкаваны з дэкаратыўнай надбудовай, якую аднавілі толькі некалькі гадоў таму.
Рухаемся рэчкай далей да старой пошты, адсюль адкрываецца перспектыва на рэшту вуліцы і яе скрыжаванні з сучаснымі Савецкай і Сацыялістычнай.
На гэтым здымку адразу тры цікавыя будынкі – пошта, карчма часоў Тызенгаўза і былы палац віцэ-губернатара Максімовіча. Пра пошту мы яшчэ напішам, а пра астатнія два напісаць варта. Карчму зруйнавалі дзеля ўзвядзення аблвыканкама ў 1979 годзе, а палац Максімовіча стаіць дасюль. Вось толькі звярніце ўвагу на канструкцыю над каланадай. Там не трохкутны франтон, як цяпер, а цікавы порцік са скульптурай наверсе. Чыя тое была скульптура – яшчэ трэба шукаць і шукаць.
Адразу некалькі цікавых выяваў старой пошты. Такі выгляд гэты будынак набыў каля 1860 года, калі былы бровар гродзенскіх баніфратраў быў перабудаваны ў акруговую бальніцу. Кажуць – купал будынка быў зроблены са шкла, бо там знаходзілася аперацыйная зала.
Будынак быў шпіталем да 1890-х гг. На здымках ён ужо ў выглядзе пошты. Звярніце ўвагу на прыгажэнныя балконы з ланцугамі – іх няма з 1944 года і на… адсутнасць медальёнаў з львамі паміж вокнамі на другім паверсе дома. Медальёны гэтыя былі там прымацаваныя архітэктарам Максімцом падчас рэканструкцыі ў пачатку 1950-х гг.
Скрыжаванне Ажэшкі і Сацыялістычнай. Справа ад пошты знаная гарадзенцам пасляваеннай пары крама “Тытунь” (пры паляках тут была вендлінярня). “Слічны” будыначак, аднаўляць які можна хоць заўтра, толькі не ў пяць-шэсць паверхаў, а так, як гэта было калісь. На будынку шмат прыгожых маляваных рэклам (тады гэта было цэлае мастацтва), але што намялявана – не разбярэш.
Здымкі Яна Лялевіча