Мяжу ў Кузніцы можна будзе перайсці пешкі
Асобы, якія жадаюць прайсці польска-беларускую мяжу пешкі, могуць гэта зрабіць толькі з беларускага боку. Хаця яшчэ ў 90-х была падпісаная дамова пра пешы памежны рух, польскі бок не рэалізоўваў яе, спасылаючыся на недахопы інфраструктуры.
Цяпер у Кузніцы плануецца адгарадзіць асобнае месца для пешых і паставіць новыя камеры. Калі гэта будзе зроблена – мяжу можна будзе цалкам прайсці пехатой.
Пакуль што гэта магчыма толькі з беларускага боку: на нейтральнай паласе ўсё роўна трэба будзе злавіць аўтамабіль, які правязе праз польскі пункт пропуску.
Пытанне памежнага руху ў “Баброўніках – Бераставіцы” больш складанае, бо мост там прыстасаваны толькі для руху аўтамабіляў.
У маі бягучага году намеснік міністра ўнутраных спраў Польшчы Пётр Стаханьчык абавязаў кіраўнікоў усіх ваяводстваў, дзе ёсць памежныя пераходы, падрыхтаваць рапарты пра магчымасць стварэння пешаходна-роварных пунктаў памежнага афармлення.
У час выступу ў сойме ў маі спадар Стаханьчык заўважыў, што на большасці існуючых памежных пераходаў стварэнне асобнага калідора для пешых не будзе складанасцю. Ён дэклараваў, што ўсюды там, дзе фізічна і тэхнічна гэта будзе магчыма, будзе дазволены рух пешаходаў і раварыстаў. Паводле слоў чыноўніка, у польскім бюджэце на 2014 маюць быць выдзеленыя сродкі на арганізацыю пешага руху на мяжы.
Кіраўніцтва Падляшскага ваяводства ўжо выказала сваю прыхільнасць да адкрыцця пешага пераходу ў Кузьніцы Беластоцкай. Гэта павінна адбыцца ў гэтым або наступным годзе.
Пакуль што пешкі прайсці мяжу з Польшчы ў Беларусь можна толькі ў Белавежскай пушчы. Аднак ёсць адзін невялікі нюанс – з беларускага боку пушчы ўсё-роўна нельга перасоўвацца пехатой без адпаведнага дазволу, таму гэта дарога ў нікуды.
Паводле poranny.pl