“Гарадзенскі палімпсест” скончыўся. Пачнецца “Гістарычны соцыум”

| Без катэгорыі

У кнізе аўтары-даследчыкі пастараліся аднавіць невядомыя і страчаныя людзьмі і часам старонкі сацыяльна-антрапалагічнай гісторыі горада над Нёманам.

Гарадзенскі гісторык і рэдактар зборніка Алесь Смалянчук:

 

Гарадзенскі палімпсест гэта вельмі актыўнае запрашэнне для гісторыкаў-калегаў даследаваць гісторыю горада. У кнігах мы прапануем новыя напрамкі даследаванняў і паказваем новыя метады. Даем велізарную фактуру, таму што акрамя тэкстаў тут яшчэ публікуюцца гістрачныя дакументы. Гэтую велізарную фактуру кожны можа чытаць, можа інтэрпрэтаваць, а можа пісаць нешта сваё.

У кнізе ўзняты тэмы сацыяльнай гісторыі горада ХІХ стагоддзя, напрыклад, крымінальны свет горада ці старонкі гісторыі гарадской прастытуцыі, свет жанчын у культурным і палітычным жыцці горада.

 

Аўтары закранулі такія тэмы, якімі раней не займаліся не толькі гарадзенскія гісторыкі, але і гісторыкі з ўсёй Беларусі.

За гэтыя пяць гадоў праект стварыў добры калектыў аўтараў, якія за час яго існавання моцна выраслі як прафесіяналы. Некаторыя з іх на прэзентацыі падзяліліся сваімі ўражаннямі ад працы над кнігай і агулам у праекце.

 

Андрэй Вашкевіч, аўтар артыкула “Занеманскі Фарштат Гародні ў XVI – першай палове XX ст.: эвалюцыя гарадской прасторы”:

 

“Гэта спроба ўзяць нейкую цікавую частку горада і дадаць яе да гістарычнай часткі. Я ўжо казаў, што мы даўно стаім перад выбарам: ці будзе гістарычны цэнтр памяншацца, або мы зможам нешта дадаць або абнавіць і нейкія часткі горада зрабіць гістарычным цэнтрам”.

 

Таццяна Касатая, аўтарка артукула “Прадпрымальніцкая дзейнасць уладальнікаў гродзенскіх кінатэатраў у 1910 – 1930-я гг.”:

 

“Мой артыкул больш не пра кінатэатры, а пра іх гаспадароў. Уладальнікі кінатэатраў пачатку ХХ стагоддзя ў сваёй прадпрымальніцкай дзейнасці выкарыстоўвалі ўсе тыя сродкі, якія выкарыстоўваюць прадпрымальнікі сёння. Дзякуючы Таццяне Казак, якая падзялілася са мной газетнымі выразкамі афіш гродзенскіх кінатэатраў, і з’явіўся гэты артыкул”.

 

Алесь Радзюк, аўтар артыкула “Гарадзенцы пад наглядам паліцыі ў першай палове ХІХ ст.”:

 

“Я даследаваў такі палітычны інстытут як нагляд паліцыі. Я паспрабаваў гэты палітычны аспект перавесці ў сацыяльны ракурс і звярнуць увагу на тых гарадзенцаў, хто былі ахоплены падобным відам пакарання. Праводзіў даследаванні па спісах з гарадскога архіва. Гэта дазволіла мне выявіць мноства новых цікавых імён у нашым горадзе.

 

Гэта тэма невычэрпная, таму што паліцэйскі нагляд працягваўся і ў другой палове ХІХ стагоддзя. Гэта даследаванне дае магчымасць паглядзець на нечаканыя аспекты жыцця гарадзенцаў менавіта гэтага перыяду”.

 

Ганна Паўлоўская, аўтарка артукула “Вобразы гарадзенцаў у апісаннях смерці ў кляштарных хроніках XVII-XVIII стст.”:

 

“Апошнія гады я займаюся вывучэннем кляштарнай хронікі, якая стваралася ў манастырах ў Гродне. Я знайшла манахаў, добрадзеяў кляштараў, жаўнераў, мяшчанаў, якія траплялі на старонкі хронік. Важна тое, што гэта вобразы звычайных людзей, якія, як меркавалася, не павінны былі з’явіцца ні ў якіх гістарычных кніжках”.

Фёдар Ігнатовіч, аўтар артыкула “Гарадзенец Мікалай Марцінчык (1901-1980): лес беларускага асветніка”:

 

“Я ўпершыню ўдзельнічаю ў гэтым праекце. Сваім героем я займаюся каля 25 гадоў. Гэты чалавек – вядомы лекар і грамадска-палітычны дзеяч. Я калісьці займаўся вывучэннем рэвалюцыйнай дзейнасці лекараў і сустрэў яго імя. Так пачалася мая праца з яго біяграфіяй”.

Ларыса Міхалік, аўтарка артукула  “Адукацыя ў міжваенным Гродна ў 1921 – 1939 гг.”:

 

“Я занялася міжваенным перыядам па той прычыне, што ён слаба і аднабока даследаваны ў Беларусі. У сваёй працы я даследую асобныя бакі жыцця горада: дабрачыннасць, адукацыю, медыцыну, сілавыя структуры. Не канкрэтных асобаў, а саму сістэму, якая існавала ў горадзе. У свеце гэтай сістэмы і выяўляюцца асобныя людзі, якія нам цяпер знаёмыя”.

 
Пра сканчэнне праекту гісторык і сааўтар зборніка Андрэй Чарнякевіч падвёў сваеасаблівую рысу:

 

“Праект дазволіў аб’яднаць неверагодныя намаганні вялікай колькасці прафесіяналаў. Калісьці ён пачаўся з канфлікту і стаў адказам на забарону ўдзелу ў канферэнцыі і падзел навукоўцаў на “добрых” і “нядобрых”.

 

Мне здаецца, што за пяць гадоў стала зразумела, што гэта праблема не палітычная, а хутчэй праблема прафесійнага маральнага выбару. У якой бы краіне мы не заставаліся, гэты, у першую чаргу прафесійны, выбар гісторыкаў перад аўдыторыяй, застаецца актуальным.

 

І зараз усе будучыя праекты накладваюць на нас – гісторыкаў – вялікі абавязак перад чытачамі. Гэта адказнасць перад людзьмі, якія давяраюць нам сваю гісторыю”.

У канцы 2013 года пачынаецца новы праект пад назвай “Гістарычны соцыум: гісторыя і памяць”. Гэта будзе мадэрнізаваная версія існуючага праекта “Гарадзенскі палімпсест”, але пад іншай назвай. У ім гісторыя Гродна будзе даследавацца ў параўнанні з іншымі гарадамі Беларусі: Віцебскам, Мінскам, Магілёвам. Арганізатары праекта мяркуюць, што новая назва і новы ракурс даследаванняў змогуць прыцягнуць у праект новых аўтараў, і зрабіць яго ўзорам для даследавання іншых гарадоў Беларусі.

 

Здымкі Яна Лялевіча