Фотавыстава “Паганства” даедзе да Гродна

|

У Гродна праект “Паганства” прыедзе пасля выставаў у Германіі, Латвіі, Польшчы, Лоасе, ЗША, Швецыі і Францыі. Праект складаецца са здымкаў, мультымедыя і кнігі.

 

Аўтар мяркуе, што сучасная цывілізацыя знаходзіцца не толькі пад уплывам хрысціянства з гісторыяй у дзве тысячы год, але ў значнай ступені і паганства з яго ўзростам у дваццаць тысяч год на нашых землях.

 

Паганства прысутнічае ў жыцці сучаснага грамадства: хто не глядзіць у люстэрка, калі вяртаецца па забытыя рэчы, хто не падумае некалькі разоў, ці варта працягнуць вандроўку, сустрэўшы чорнага ката гаворыцца ў прадмове да праекта.

 

У вёсках — больш. І цяпер бабулькі размаўляюць з каровамі вясною перад першым выхадам у поле, вераць, што жаба-рапуха — гэта вядзьмарка. Андрэй Лянкевіч пры дапамозе фатаграфіі паказвае паганскія традыцыі і звычаі, якія да гэтага часу існуюць на Беларусі”.

 

У кнігу ўвайшло апісанне дзесяці абрадаў: Жаніцьба коміна, Каляды, Гуканне вясны, Юр’я, Пахаванне стралы, Куст, Провады русалкі, Купалле, Дажынкі, Перанос свячы, а таксама сабраная калекцыя свяшчэнных раслін, жывёл і аб’ектаў.

 

Праект рэалізаваны пры падтрымцы кампаніі “Будзьма Беларусамі”.

 

Нагадаем, што Андрэй Лянкевіч пачынаў свой шлях фатографа ў Гродне. Цяпер працягвае навучанне ў Акадэміі мастацтваў ў Мюнхене, працуе выкладчыкам у ЕГУ, жыве, з яго словаў, “паміж Гародняй, Варшавай, Мюнхенам і Вільняй”.

 

Адкрыццё выставы ў 18.30