Гарадзенскія журналісты пазнаёміліся з новай пляцоўкай для фрылансераў

|

Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) мяркуе, што новы інтэрнэт-рэсурс дасць магчымасць пашырыць межы рынку журналістыкі, дапаможа рэдакцыям СМІ прыцягнуць новых аўтараў у Беларусі, і дасць магчымасць маладым журналістам паспрабаваць сябе на медыйнай “кухні”.

 

Па словах вядучага прэзентацыі Антона Сурапіна, гэты сайт створаны спецыяльна для “лянівых”: каб журналісты змаглі знайсці заказчыкаў на свае матэрыялы, а рэдакцыі – аўтараў артыкулаў.

 

“Гродна мной абраны першым у чарзе па той прычыне, што я ніколі ў ім раней не быў. Мне было зручна з яго пачынаць, таму што тут даволі цікавая журналісцкая тусоўка. Да таго ж, па-мойму, на захадзе людзі трошкі больш актыўныя.


Цяпер для мяне важная рэакцыя мясцовых журналістаў. Бо лепш на пачатковым этапе прыняць усе заўвагі і пытанні па працы сайта”.

 

Да гэтага новы інтэрнэт-сервіс прэзентаваўся толькі ў Мінску.

Пакуль сайт працуе толькі на беларускай мове. Антон Сурапін мяркуе, што ў будучыні будуць створаныя дадатковыя моўныя інтэрфейсы для таго, каб сервісам маглі карыстацца іншамоўныя заказчыкі.

 

“Усе незалежныя рэдакцыі будуць зарэгістраваны на гэтым сайце. Сябры БАЖ змогуць тут кантактаваць адзін з адным, наладжваць сувязі, набываць новыя знаёмствы. Рэдакцыі змогуць пашыраць лік пазаштатных супрацоўнікаў, а журналісты, у сваю чаргу, пашыраць поле сваёй дзейнасці”.

Удзельнікі сустрэчы рэгіструюцца на сайце

 

Журналіст-фрылансер – паняцце шырокае. Сюды можна аднесці любога чалавека, які займаецца журналістыкай ці ёй спрыяе. Гэта фатографы, аператары, відэамантажоры, блогеры. Таксама мяркуецца, што сайт дапаможа развівацца і народнай журналістыцы.


Напрыклад, чалавек зрабіў для блога матэрыял, а ў яго засталіся відэа ці фота, якія можна яшчэ апублікаваць. Ён не ведае, як падступіцца да той ці іншай рэдакцыі. Наш сайт дапаможа размясціць яго прапанову. Галоўнае, каб народныя журналісты не баяліся на ім рэгістравацца, – працягвае Антон Сурапін. – Можа быць, праз год-два-тры мы зможам выйсці на расійскі, украінскі і польскі рынкі”.

Удзельнікамі новай пляцоўкі медыйнага рынку могуць стаць сябры БАЖа. Астатнія жадаючыя могуць зарэгістравацца на сайце на два месяцы ў тэставым рэжыме.

 

“Магчыма, гэты сайт будзе спрыяць пэўнай міграцыі журналістаў з штатнікаў у фрылансеры і наадварот. Досвед заходнееўрапейскіх краін паказвае, што штатная журналістыка ад гэтага не пакутуе. Калі журналіст сыходзіць у фрыланс, ён робіць гэта свядома і з разуменнем прычын, рызык, станоўчых і адмоўных бакоў”.

 

Наступным горадам, які наведаюць прадстаўнікі новага інтэрнэт-сервісу, стане Брэст.

 

Здымкі Яна Лялевіча