Заўтра ў Гродне пачнуцца апошнія этапы міжнародных велагонак

Спаборніцтвы раварыстаў складаюцца з пяці этапаў, апошнія два будуць адбывацца ў Гродне і яго ваколіцах. Спартоўцы будуць удзельнічаць у індывідуальных гонках, на час і на розных дыстанцыях. Учора траса вяла з Беластока праз Супрасль і Крынкі ў Сакулку. Сёння раварысты павінны перасекчы беларуска-польскую мяжу ў “Брузгах” і прыехаць на пл. Савецкую. Заўтра распачнецца 4-ы этап гонак – у ваколіцах Гродна.

 

Ніжэй можна паглядзець відэа з фінішу гонкі ў Сакулцы:

 

У нядзелю 28 ліпеня ў 14 гадзін на плошчы Леніна адбудзецца афіцыйнае заканчэнне гонак, падвядзенне вынікаў і ўзнагароджванне.

 

Пачаргова роварная гонка “Нёман” стартуе ў Беластоку і Гродне. Сёлета спаборніцтвы ладзяцца ўжо ў 26-ы раз. Мэтай спаборніцтваў арганізатары лічаць папулярызацыю роварнага спорту ў Беларусі і Польшчы і ўмацаванне сяброўства паміж беларускай і польскай моладдзю. Гонкі арганізуе аддзел фізкультуры, спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама і Падляская федэрацыя роварнага спорта Беластока.

 

Яшчэ адзін транспамежны веламарафон, траса якога часткова праглягала па Гродне і Гродзеншчыне, ладзіўся з 27 чэрвеня па 7 ліпеня, з фінішам у Лідзе. За 11 дзён удзельнікі з 5 краін пераадолелі 624 кіламетры па тэрыторыі Беларусі, Польшчы і Літвы.

 

Здымак і відэа з www.isokolka.eu