Arche вярнуўся ў Гродна з прэзентацыяй
30 ліпеня рэдактары Arche Валер Булгакаў і Алесь Пашкевіч завіталі ў Гродна, каб прэзентаваць два нумары часопіса, выдадзеныя апошнім часам. Прыехаў з імі і гісторык Алесь Белы, які прадставіў сваю узноўленую ў друку працу “Хроніка Белай Русі” і праект “Наша Страва” – кнігу і міні-серыял.
Найноўшы нумар, другі ў гэтым годзе, прысвечаны гістарычнай палітыцы і гістарычнай памяці ў Беларусі. Яго прадставілі некаторыя з аўтараў, што прысутнічалі на сустрэчы. Юры Гардзееў з Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве вельмі агульна абрысаваў тэму, пасля чаго паспяшаўся перадаць слова калегам.
Алесь Краўцэвіч (на першым здымку) узгадаў, як легкаважна ставіўся да часопіса ў пачатку яго існавання, ды падзяліўся радасцю з таго, што памыліўся наконт яго далейшага лёсу. Часопіс за гады існавання стаў істотна буйнейшым: гэта тычыцца і яго таўшчыні, і навуковай якасці.
Пераняўшы эстафету Алесь Смалянчук выказаў думку, што нягледзячы на тое, што беларускія гісторыкі апынуліся на полі змагання, а рамантыка 90-х, што мацавала многіх, сышла, гістарычная навука не перастае развівацца. Пры гэтым, яна развіваецца і ў дзяржаўных, і ў незалежных інстытуцыях. Прыкладамі апошніх гісторык назваў акурат часопіс Arche і серыю “Гарадзенская бібліятэка”.
Гісторык Алесь Пашкевіч (на здымку) прадставіў самы першы нумар, выдадзены ў гэтым годзе – “Партызаны і паліцыі”. Гэта чарговы “ваенны” Arche, які быў падрыхтаваны яшчэ летась і ўжо меў выйсці з друкарні, калі адбылося затрыманне Булгакава ў Гродне. Гэтаксама і нумар па гістарычнай палітыцы планаваўся да друку раней.
“Ваенных” выпускаў Arche дагэтуль было ўжо чатыры і ўсе яны былі вельмі паспяховымі. Тым больш, што недахопу матэрыялаў па гэтай тэме ніколі няма. Гэтак і ў “Партызанах і паліцаях”, побач з тэкстамі беларускіх аўтараў, прадстаўленыя даследаванні навукоўцаў з Нямеччыны, Вялікабрытаніі, Злучаных Штатаў, Ізраіля і інш.
Тэма акупацыі Беларусі ў часы Другой сусветнай вайны настолькі шырокая, што ўжо зараз выходзіць наступны “ваенны” нумар часопіса, які называецца “Ахвяры і каты” (прысвечаны карнай палітыцы акупацыйных улад). Толькі праз тое, што яго не паспелі забраць з друкарні, гарадзенцы не змаглі з ім пазнаёміцца.
Гэтым разам каманда Arche не забылася захапіць з сабой касавы апарат
Як сказаў Алесь Пашкевіч, тэма гісторы беларускіх земляў, асабліва ў час вайны, распрацоўваецца за мяжой вельмі актыўна і новыя тэксты з’яўляюцца штогод. Як прыклад, ён назваў буйную манаграфію пра Вермахт у Беларусі ў 1941-44 гадах, што мае выйсці ў лістападзе 2013 у адным з амерыканскіх выдавецтваў.
Гісторык упэўнены, што варта выдаваць па-беларуску як новыя, гэтак і ранейшыя працы, прысвечаныя падзеям вайны, вось толькі памеры некаторых з іх дасягаюць 1000 старонак! Высілак перакладчыкаў і выдаўцоў тут велізарны, а трэба ж яшчэ аплаціць аўтарскія правы ды наогул дамовіцца з праваўладальнікам.
“Жатвы много, а делателей мало” – абагульніў Валер Булгакаў. Ён пацвердзіў, што адной з місій Arche сапраўды ёсць знаёміць беларускіх даследчыкаў хаця б з некаторымі з дзясяткаў тысяч тэкстаў, што друкуюцца ў свеце.
Заключнай часткай сустрэчы стала прэзентацыя кнігі Алеся Белага “Хронікі Белай Русі. Імагалогія Беларусі XII-XVIII ст.”. Гэта ўжо другое, дапоўненае выданне. Упершыню кніга выйшла ў 2001 годзе, атрымала прэмію Беларускага ПЭН-цэнтра. А вось Вышэйшай Атэстацыйнай Камісіі яна не спадабалася: кандыдацкую дысертацыю па гэтай тэме Алесь Белы (на здымку ніжэй) у Беларусі так і не змог абараніць, прыйшлося атрымліваць PhD у Літве.
Натхніў Булгакава на паўторнае выданне кнігі Белага вядомы беларускі гісторык з Падляшша Алег Латышонак. У час паездак з Arche па Беларусі, ён усе свае прэзентацыі пачынаў з пахвалы ў бок “Хронік Белай Русі”.
Прэзентацыя атрымалася шмат у чым “для сваіх” – на ёй прысутнічалі ў асноўным гісторыкі, журналісты ды сталыя чытачы Arche, што традыцыйна стараюцца не прапускаць нумароў часопіса. Не самае спрыяльнае надвор’е (удзень спёка, а ўвечары дождж) і канкурэнтнае мерапрыемства, што праходзіла ў той самы час (выстава Андрэя Лянкевіча), дапоўненыя звыклай летняй лянотай, зрабілі гэту прэзентацыю далёка не самай буйной з тых, што былі ў Гродне. Але ж Arche вярнуўся, а гэта цешыць дастаткова.