Бітва працягваецца: Гродна мацней за Гомель

|

Надвор’е ў гэты дзень выдалася не самае лепшае. Перад самым матчам поле зацягнула хмарамі і кіраўніцтва стадыёна было вымушана ўключыць пражэктары. А ўжо з пачаткам гульні пачаўся лівень, які ішоў на працягу ўсяго матчу.

Але гэта не перашкодзіла камандам гуляць у цікавы футбол. Нам давялося ўбачыць адзін з лепшых матчаў у выкананні “Нёмана” ў гэтым сезоне на сваім полі. Гарадзенцы добра гулялі як у абароне, так і наперадзе.

Старт атрымаўся нядрэнны, але з добрым пачаткам бываюць і спады. Так на 6 хвіліне матчу сур’ёзную траўму атрымаў Андрэй Лясюк; як высветлілася пазней, траўма папахвае разрывам звязак. Траўмаванага Лясюка замяніў бразілец Сеалін. Нікалас увайшоў добра ў гульню, Саладоўнікаў даў яму шанец, якога бразілец чакаў вельмі даўно.

Доўга чакаць не прыйшлося, Соелін адкрывае лік. Пасля падачы вуглавога Нікалас галавой адпраўляе мяч у вароты “Гомеля”. Нагадаем, гэта першы гол у выкананні бразільца за “Нёман”, пасля другога прыходу.

Дождж тым часам не спыняўся, ліў яшчэ мацней. Першая палова засталася за гаспадарамі.

 

У другім тайме гульня пайшла ўжо весялей. “Гомель” спрабаваў адыграцца, але “Нёман” дзейнічаў упэўнена, пры гэтым ствараў добрыя моманты. Былі шанцы зноў вызначыцца і ў Сеаліна, але не хапіла сіл. Гэтаксама быў блізкі да голу пачатковец “Нёмана” – Эсаме. Яго пасы і ўдары былі вельмі небяспечныя для суперніка. Ужо пасля гульні гледачы аддзячылі камерунцу і зрабілі шматлікія здымкі з ім. Так, афрыканец быў адным з лепшых на поле, яго гульня прыкметна адрознівалася ад іншых. Дастойная замена Дзенісевічу. Вось толькі ці надоўга?

 

Гомель тым часам спрабаваў адыграцца, але наперадзе ў паўднёўцаў нічога не атрымлівалася. “Нёман” працягваў упэўнена гуляць і забіў другі гол. Пасля блытаніны каля брамы суперніка мяч адскочыў да Весялiнава, які з лёту папросту расстраляў вароты галкіпера “Гомеля”. Гол атрымаўся прыгожым і ўся каманда пабегла да фанатаў.

Радасці не было межаў і адзін з супортаў выскачыў на поле і пачаў абдымаць гульцоў. Гэта ўсё добра вядома, але знаходзіцца не ў межах закону. Доўга чакаць не прыйшлося – выбеглі два “быкi” і забралі хлопца. Пасля з трыбун паляцелі пластмасавыя бутэлькі і супрацоўнікі АМАПу вымушаныя былі ўламацца на сектар фанатаў. Пасля пайшлі разборкі на сектары з супрацоўнікамі.

 

Многія былі незадаволеныя, але пасля бойкі кулакамі не машуць. На наступным матчы сцюарды сыдуць далоў, а магутныя хлопцы з АМАПа зоймуць свае месцы на фанацкім сектары.

Матч так і скончыўся з лікам 2:0 на карысць “Нёмана”. Гэта вельмі важная перамога для гарадзенцаў. У наступным туры чэмпіянату нашы хлопцы будуць сустракацца з “Тарпеда”. Гэты матч можа вырашыць многае, а менавіта, хто будзе ў шасцёрцы наймацнейшых, а хто не.

 

align=”left” alt=”ФК Нёман, Гомель” >Пасля матчу адзін з лепшых гульцоў “Нёмана” ў матчы з “Гомелем”, Уладзімір Весялінаў:

 

“Было цяжка гуляць пад дажджом,але  для нас гэтая перамога вельмі важная. Мы імкнуліся і дамагліся яе. Сёння я забіў, у наступны раз можа забіць нехта іншы, але галоўнае, каб гэта была перамога”.

 

Сяргей Саладоўнікаў, пасля матчу:

 

“Па настроі, па напале і стаўленні да гульні, гэта быў лепшы матч у нашым выкананні. Думаю, калі б мы рэалізавалі свае моманты, то вырашылі б лёс паядынку ў першым тайме.

 

У другой палове ў суперніка былі два стоадсоткавыя моманты, мы ж арганізоўвалі хуткія атакі. Але перамагла тая каманда, якая лепш наладзілася на матч.

 

Што тычыцца Лясюка, то пакуль невядома, што з ім. Відавочна, там цяжкая траўма. Хачу сказаць, што футбалістам плацяць вялікія грошы не таму, што ім шмат плацяць, а таму, што яны пакідаюць на поле сваё здароўе – самае дарагое, што ў іх ёсць”.

 

Здымкі аўтара і Яраслава Ванюкевіча