Ёнас Страздаўскас: “Я прывёз туман з Літвы”
“Усё часцей і часцей мы ладзім выставы ў Літве, а Літоўскія мастакі прыязджаюць да нас у госці ў выставачныя залы. Гэта значыць, што часы Вялікага княства Літоўскага вяртаюцца на гэту зямлю”, – распачала вечарыну гаспадыня галерэі Марыя Мацко.
Назва праекта “Адлюстраванне” шырэй, чым простая сувязь з люстэркам, гэтая выстава – адлюстраванне душы, патлумачыла спадарыня Марыся.
Выстава складаецца з двух частак: фота і акварэль. У адной зале прадстаўлены фотапейзажы Ёзафа Страздаускаса, якія ён здымаў на працягу апошніх пятнаццаці год у заходняй частцы Літвы – гістарычнай Жамойціі. Яго працы прысвечаны прыгажосці літоўскай зямлі.
Асаблівасцю фотаздымкаў спадара Ёнаса з’яўляецца тое, што ён не апрацоўвае іх на кампутары, гэта цалкам мастацкая фатаграфія.
У другой зале – акварэльныя мініяцюры Валянціны Шобы. Адметна тое, што яна малюе свае акварэлі толькі з натуры – на пленэрах у Беларусі, Літве, Польшчы. Яе цікавяць праекты з іншымі мастакамі, а таксама праекты спалучэння жывапісу з іншымі відамі мастацтва – музыкай, літаратурай, графікай.
“У гэтых маленькіх акварэлях адчуваецца шматпланавасць, – заўважыла мастацтвазнаўца Святлана Янчалуцкая (на здымку ўверсе злева). – Ты паглыбляешся, а яна цябе зацягвае. І ты адключаешся ад нашай паўсядзённасці. Гэта хіба і ёсць самае галоўнае ў творчасці – спыніцца і задумацца аб самым важным”.
Святлана Янчалуцкая патлумачыла, чаму акварэль і фатаграфія спалучыліся ў адной выставе: “Гэта ўсяго толькі тэхнікі – фатаграфі і акварэль. А з дапамогай іх можна выказваць рэчы, якія перасякаюцца, якія ў чымсьці падобныя… Гэтыя кропкі сутыкнення – гэта любоў да роднай зямлі”.
Аўтар Валянціна Шоба так пракаментавала супольны праект: “Пстрычка затвора – гэта нібы хутка, акварэль – гэта таксама маментальна. Гэта тое, што нас аб’ядноўвае”.
Арганізаваў выставу адзін са сталых наведвальнікаў галерэі Сяргей Курыла. “Вельмі прыемна, калі людзі разумеюць адно аднаго, хоць размаўляюць на розных мовах, іх аб’ядноўвае мова творчасці”, – сказаў ён.
На выставе прысутнічалі прадстаўнікі ці не ўсіх народаў Вялікага княства – генеральны консул Польшчы на Беларусі Анджэй Хадкевіч і консул Літвы на Беларусі Дале Міцкене.
Спадарыня Дале Міцкене назвала Гродна каралеўскім горадам, а “Крыгу” – дамашняй галерэяй. Консул працавала ў Гродне чатыры гады, а ўжо праз некалькі дзён вяртаецца ў Літву.
“Для нас, палякаў, – сказаў спадар Анджэй Хадкевіч, – як мы глядзім на Беларусь, важна перад усім Вялікае княства Літоўскае, гэта сумесная гісторыя Польшчы, Літвы і Беларусі”.
align=”left” alt=”Ёнас Страздаўскас, Крыга” >Ёнас Страздаўскас сказаў некалькі словаў спецыяльна для чытачоў “Твайго стылю”: “Я прывёз туман з Літвы. Я здымаў яго ранкамі. І кожную раніцу туман іншы. Падчас здымкаў перажываў радасць і шчасце: добра, што я нарадзіўся і магу жыць”.
Ёнас Страздаўскас – сябар літоўскага таварыства фотамастакоў. Ён жыве і працуе ў літоўскім горадзе Мажэйкяй, недалёка ад Клайпеды. Амаль усё прафесійнае жыццё працаваў у газеце фотакарэспандэнтам. Адначасова ён імкнуўся да стварэння творчых прац.
У Ёнаса Страздаўскаса ёсць шэсць персанальных фотаальбомаў. Неаднаразова ён перамагаў у міжнародных і літоўскіх фотаконкурсах. Яго працы захоўваюцца ў галерэях і архівах Літвы і нават Іспаніі.
Валянціна Шоба – сябра беларускага таварыства мастакоў. Яна жыве і працуе ў Гродне. Мастачка адзначалася прэміямі ў галіне графікі, выяўленчым мастацтве, культуры. Працы Валянціны Шобы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску.
Здымкі Яна Лялевіча