“Нёман” 1-1 “Тарпеда”: яшчэ не ўсё страчана!

|

Сёння ў нашым старце выйшла чатыры легіянеры: Яблан, Эсаме, Сеалін, Весялінаў.

Сеалін і Эсаме перад матчам…

 

У самым пачатку гульні жодзінцы паказалі, што настроены на сур’ёзную барацьбу. За дзве хвіліны стварылі тры небяспечныя моманты, але Чэрнік быў на вышыні. Ніхто не чакаў такога пачатку ад “Тарпеда”. Шматлікія атакі гаспадароў прывялі да ўзяцця варот. Так на 18 хвіліне Сялява проста шыкоўна паклаў мяч у далёкі кут варот Чарніка.

 

 

І пасля гола гаспадары не перасталі атакаваць – так на працягу ўсяго тайма. Першая палова матчу прайшла цалкам пад дыктоўку “Тарпеда”.

Наш супорт на выездзе

 

У другім тайме гарадзенцы сталі гуляць больш актыўна, і нават стварылі шэраг перспектыўных нападаў. Усе гэтыя старанні прывялі і да ўзяцця варот Хамутоўскага. На 62 хвіліне матчу Зубовіч выконваў стандарт і першым на дабіванне апынуўся Іван Садаўнічы, які без складанасцяў патрапіў у вароты гаспадароў.

 

Пасля “Нёман” спрабаваў нешта стварыць, каб выйсці наперад, але так нічога і не атрымалася. А ўжо ў канцоўцы сустрэчы жодзінцы мелі выдатны шанец выйсці наперад, але штанга выратавала “Нёман”. Выніковы лік матчу 1-1. Яшчэ не ўсё страчана!

Хамутоўскі VS Чэрнік

 

Варта аддаць належнае Сяргею Чэрніку, які неаднаразова ратаваў каманду.

А гэта новы тытульны фундатар “Нёмана”. Каманда ўжо можа зарабляць грошы!

 

Наступны матч у чэмпіянаце гарадзенцы правядуць дома, 1 верасня, са сталічным “Дынама”. Нас задавальняе толькі перамога!

Пасля матчу Сяргей Саладоўнікаў:

 

“Напэўна, вынік не задаволіў ні адну, ні другую каманду. Я маю на ўвазе лік. Але мне спадабалася, што пасля правальнага першага тайма каманда змагла перабудавацца, выйсці са складанай сітуацыі.

 

Забілі гол, а потым зноў спыніліся. Чаму на такія адказныя матчы так скавана выходзім? Будзем разбірацца.

 

Але прыемна тое, што каманда пасля цяжкага першага тайма перабудавалася і паказала сваю гульню. Забіла гол і мела яшчэ моманты. Гэта прыемны вынік матчу”.

 

А 25 жніўня гарадзенскі “Нёман” прымае таксама “Дынама”, толькі з Брэста, і гэта ў рамках Кубка Беларусі. Нам трэба дзве перамогі і дзве перамогі над “Дынама”!

 

Здымкі прэс-службы ФК “Нёман”