Вандроўка па старым Гродне. Частка Х. Ад гімназіі да Саборнай плошчы

|

Мы працягваем нашу вандроўку па Саборнай вуліцы і спыніліся, каб азірнуцца назад. Усе будынкі на здымку захаваліся дагэтуль, але будынак па Савецкай 10, былы палац Храптовічаў, стаў трохпавярховым – гэта пасля рамонту 1970-х гг.

 

Высокі будынак пасярэдзіне – Савецкая 12, нагадвае дом купца Мараўёва на Савецкай плошчы і таксама належаў купцам – Франкам. Пабудаваны па тагачасных густах, ён выдзялаўся на вуліцы, але пасля таго, як павысілі суседнія будынкі – ён зусім згубіўся. У дадатак, у яго перасунулі ўваход, спрасцілі вокніцы.

 

Найцікавейшы будынак на фота – сучасны Ленінскі райвыканкам. Мала хто з гарадзенцаў ведае, што гэта найстарэйшы помнік на Савецкай вуліцы – былы кляштар і шпіталь Святога Духа, пабудаваны “за часоў каралевы Боны” у XVI ст. Цэнтральны ўваход у яго колісь быў уваходам у касцёл, а зала паседжанняў выканкама – падзелены на паверхі асноўны аб’ём храма.

 

Гарадская гімназія, якая да 1830-х гг. была дамініканскай гімназіяй, а яшчэ раней старым корпусам кляштара дамініканаў. З многімі цікавымі асобамі і падзеямі звязаны гэты будынак, але мы звернем увагу на дзве рэчы – прыгажэнны літы чугунны ганак і адсутнасць дадатковых дзвярэй, накшталт той, што беззаконна выламалі ў будынку ў канцы сакавіка гэтага года.

 

Ну, а расейскі арол на франтоне над надпісам “гімназія” быў хіба найвялікшым у Гродне. Спадзяемся, ідэя аднаўляць гэты сімвал самаўладства ў галаву нікому не прыйдзе.

 

Здымак зроблены з вакна будынка, які згарэў 22 чэрвеня 1941 года. Таму каб яго паўтарыць, сучаснаму фатографу прыйшлося б павіснуць у паветры. Ды і на няцотным баку вуліцы, які сфатаграфаваны, таксама бачны прагал, заняты цяпер кінатэатрам “Гродна”. Дарэчы, у пачатку 1990-х гг. была харошая ідэя закрыць гэты прагал новымі будынкамі, але, на жаль, рэалізаваць яе не паспелі.

 

Звярніце ўвагу на высокі, характэрны для XVIII стагоддзя дах будынку і на шыльды з рэкламай, якія былі літаральна паўсюль. 

 

Мы знаходзімся каля гарадской гімназіі. Найбольш цікавыя тут самыя гарадзенцы самага рознага сацыяльнага становішча. Некалькі паліцыянтаў з рэвальверамі на баку. Цяжка сказаць, чаму фатограф захаваў іх для гісторыі менавіта тут, але, нагадаем, менавіта гарадзенскія гімназісты, разам з рабочымі фабрыкі Шарашэўскага, былі самым актыўным сацыяльным слоем гараджан.

 

Небагаты гарадзенец-інтэлігент у фуражцы, за ім простыя людзі сялянскага выгляду. Разносчык з ручным вазком. Хлопчыкі ў фуражках, яўрэі, дама, рамізнікі са сваімі вазамі – усе, хто называўся гарадзенцамі больш за сто гадоў таму.

 

Злева цалкам незахаваная аж да гімназіі забудова. Справа будынкі захаваліся, але некаторыя з іх у той час былі яшчэ неатынкаваныя. Мода на тынкаванне прыйшла да нас толькі бліжэй 1910 года.

 

Неад’емная частка прыгажосці горада, апрача шыльдаў, гэта каваныя і літыя балконы, якіх засталося цяпер намнога менш. Цікавыя яшчэ шыльды ў выглядзе гадзіннікаў. Гадзіннікі-шыльды, бачна, не працавалі, але запрашалі пакупніка ў краму набыць сабе гадзіінік.

 

Пакідаем Саборную вуліцу і яшчэ раз азірнемся на яе. Гэта, насамрэч, найбагацейшая вуліца горада і самая прыгожая. Злева ад нас камяніца Гаўсмана, пабудаваная ў XVIII ст. на пляцы, прададзеным уласніку гарадзенскімі дамініканамі. Камяніца не перажыла чэрвень 1941 г., а пакуль яна захапляе сваімі рэкламнымі шыльдамі. Чаго толькі не магло размяшчацца ў адным будынку?! І крама бялізны, і банк, і натарыюс, і друкарня.

 

Справа палац Сангушак, які на шчасце ацалеў і паказвае нам дасюль пачатак старой вуліцы. На вокнах аднаго з будынкаў мы бачым прыгожыя навесы, магчыма там размяшчалася кавярня пад адкрытым небам на летні час. Сёння, дарэчы, такіх навесаў нідзе на Савецкай няма, толькі стандартныя бэлькава-пластыкавыя канструкцыі ад “Лідскага піва”.

 

Вось мы і выйшлі на галоўную плошчу тагачаснага Гродна. Тады яна назывался Саборная (ад Фары Вітаўта, што была тады праваслаўным саборам), крыху пазней яе назвалі Плошчай Стэфана Баторыя (праўда, помнік каралю тут так і не з’явіўся), але самая старая назва гэтай плошчы – Рынак.

 

Мала што можна пазнаць на сучаснай Савецкай плошчы – хіба камяніцу Сангушак (цяпер крама “Ратушная”) з ламаным барочным дахам і абрысы дома купца Мураўёва з якім вось ужо дваццаць год мучаюцца і інвестары, і гарадскія ўлады. Ані ратуша (справа), ані замкавы двор (злева на месцы палаца тэкстыльшчыкаў), ані Фара Вітаўта не перажылі ХХ стагоддзя.

 

Звярніце, дарэчы, увагу на магутны мур з кратай вакол Фары Вітаўта – яго пабудавалі ў 1880-х гг. пасля таго як зруйнавалі крамкі вакол храма і вялікую браму, якія раней атачалі не толькі касцёл, але і гарадскія парафіяльныя могілкі.

 

Здымкі Яна Лялевіча