Зноў Ліга Еўропы і зноў “Мiнск” прайграе

|

Надвор’е ў гэты дзень выдалася зусім не летняе. Дробны дождж увесь час нагадваў, што восень не за гарамі. Нягледзячы на гэта, на футбол прыйшло больш балельшчыкаў,  чым на матчы “Нёмана”, ці нават на мінулы матч “Мінска”, калі яны гулялі з “Сэнт-Джонстанам”.

 

 

З першых хвілін госці сталі асядаць на палове “Мiнска” і так працягвалася амаль усю гульню. Толькі ў канцоўцы сустрэчы беларусы нешта змаглі паднесці суперніку. Але з гэтага нічога не атрымалася.

Госці ж здолелі забіць два мячы, усё ў другім тайме. Клас “Стандарда” быў бачны няўзброеным вокам. Хаця, ужо пасля матчу, галоўны трэнер “Стандарда” сказаў, што было вельмі цяжка гуляць супраць каманды, якая ўся стаіць у абароне.

У выніку гарадзенскія заўзятары так і не пабачылі еўрапейскую гульню ў выкананні “Мiнска”. Цікава, ці праб’юцца далей “гараджане”? Адказ на гэтае пытанне мы даведаемся пасля матчу ў адказ, у Бельгіі.

А зараз гарадзенскай аўдыторыі варта пераключыцца ўжо на беларускі чэмпіянат, а менавіта на Кубак. У гэтую нядзелю адбудзецца “Заходняе дэрбі”, на думку гарадзенскіх футбольных адмыслоўцаў, гэты матч будзе куды цікавейшы, чым паказалі нам ўчора госці: што “Мiнск”, што “Стандард”. Таму, усе на футбол, падтрымаем наш “Нёман” у Кубку!

 

Здымкі Вольгі Мілавай