Міндоўг, Гедымін, Вітаўт і Ягайла сустрэліся на “Гальшанскім замку”
Ля руін Гальшанскага замку ў суботу 24 жніўня было цяжка знайсці месца каб запаркавацца: усюды поўна было аўтамабілей з “чацвёркамі” і “пяцёркамі” – да суседняй Мінскай вобласці ўжо зусім блізка, да таго ж, кожны год на фэст не ленавілся выбірацца мінчукі.
Прайшоўшы касу і кантрольны пункт міліцыі, мы трапілі на тыповае беларускае свята – большую частку тэрыторыі займаў “Горад майстроў”, які, здаецца, перасоўваецца тым самым складам з месца на месца. Побач можна было пакаштаваць піцу, разагрэтую ў мікрахвалёўцы (асобны плюс за назву фірмы – “Жар-піца”) і напаўсырыя шашлыкі ад Ашмянскага райпо.
Былі і прыемныя адметнасці: госці з Літвы прывезлі “віленскія пернікі” – не толькі прыгожыя, але і вельмі смачныя.
Соф’я Гальшанская і Ягайла
Праграму фэста адкрыў спектакль “Баль у Соф’і Гальшанскай”, які інакш як постмадэрністычным назваць было складана. Перамяшаліся месцы і героі, і ў выніку на свята да Ягайлы і яго жонкі прыбылі Міндоўг, Гедымін, Вітаўт, Леў Сапега ды іншыя госці з замкаў Гарадзеншчыны.
Князь Вітаўт і Улляна
Кожная зямля прывезла каралеўскай пары музычны падарунак: найбольш хіба ўразіў выступ лірніка з Ваўкавыску, які на матыў загалоўнай песні “Прывіда оперы” (чамусці, у аранжыроўцы Nightwish) “заспяваў” па фанеру пра Волака і Вісека. У час спеву на сцэне, размахваючы мячом і сякерай, сноўдаліся два дужыя хлопцы – відаць, Волак і Вісек.
“Прывіды” танчылі пад запіс “Паланэза Агінскага”, чамусці з тэкстам заспяваным па-руску.
Прысутныя маглі пабачыць паланэз у выкананні маладзёнаў з Літвы, якія апынуліся акурат літоўскімі палякамі (на здымку вышэй). У традыцыйных кракаўскіх строях яны выглядалі прыгожа, хаця і крыху недарэчна ў нашым рэгіёне. Пазней яны яшчэ раз прыцягнулі ўвагу даволі смелым музычным спектаклем па матывах міцкевічаўскага “Пана Тадэвуша”: начатаныя запісы фрагментаў паэмы перарываліся нейкімі ледзь не хіп-хопавымі ўстаўкамі.
Вялікую цікавасць, як заўжды, выклікалі рыцарскія турніцы. Першымі гледачы пабачылі зшыбкі на конях: ліцьвінскія рыцары змагаліся паміж сабой і з “гасцямі з Францыі”, размаўляючы з публікай на жорсткай трасянцы. Ваяры на конях несліся ў кірунку адзін аднаго пад песні Litvintroll, што гучалі з калонак на ўзгорку.
Цікава, што пачаткова ў праграме фэсту, акрамя гуртоў “Dwa tygodnie” (усё тыя ж палякі з Віленскага раёна), “Літы талер”, Altanka i PAWA, значыўся таксама адзін з беларускіх удзельнікаў Еўрабачання Пётр Ялфімаў. Аднак, пасля таго, як у сацсетках з’явіліся незадаволеныя галасы патэнцыйных наведнікаў, спевака з праграмы прыбралі.
Намёт Белтэлекама не карыстаўся асаблівай папулярнасцю
Фестываль быў заснаваны і падтрымліваўся тур-агенцтвам “Гісторыя-Тур” (яго дырэктар Зміцер Сасноўскі – фронтмэн “Старога Ольсы”) і Ашмянскім райвыканкамам з 2009 года. Аднак, у гэтым годзе раённая адміністрацыя з мінчукамі не дамовілася.
Хоць замак і ў аварыйным стане, па ім у часе фэсту лазілі ўсе каму не лянота. Часам з-пад іх ног выпадалі цэглы.
Гэтаксама ўпершыню фэст быў фінансаваны часткова з бюджэта ЕС у межах Праграмы транспамежнага супрацоўніцтва Латвія-Літва-Беларусь. Акрамя фэсту ў межах праекта “Дзве стараны – адна гісторыя і культура” адбыўся паэтычны летнік у вёсцы Барэйкешкес Віленскага раёна, мадэрнізаваныя музеі Сыракомлі ў Літве і Багушэвіча ў Беларусі, распрацаваны турыстычны маршрут па Ашмяншчыне з мапамі і дапаможнікам на некалькіх мовах.