“Вольнае паветра” – выдатны адпачынак у канцы лета
Цэлае поле аўтамабіляў бачнае адразу пасля павароту з вёскі ў бок хутара. Мы пад’ехалі, калі першы выступоўца – гурт Re1ikt, быў ужо ў палове свайго сэту. Па дарозе да сцэны мінаем традыцыйныя для Шаблей пляцоўкі ёгі і капаэйры, зазіраем у бар. Здаецца, і не гарэла нічога. Толькі адсутнасць дома, на месцы якога зараз новая будаўнічая пляцоўка, падказваюць, што здарэнне мела месца.
Этна-накірунак фестывалю падаецца чымсці даволі ўмоўным. Побач з больш аўтэнтычнымі бурацкім Namgar і курдыстанска-беларускім Масудам Талібані (на здымку наверсе), на дзвюх сцэнах “Вольнага паветра” выступілі, напрыклад, індзі-рокеры Akute з акустычнай праграмай (на здымку ніжэй) ці той самы металёвы Re1ikt.
0 align=”middle” alt=”Вольнае паветра 2013, Шаблі, Лявон Вольскі” >
2 align=”middle” alt=”Вольнае паветра 2013, Шаблі, Лявон Вольскі” >
Адданы натоўп фанатаў сабралі пад сцэнай Лявон Вольскі і Павел Аракелян. Яны зайгралі караценькі сэт з песень “Народнага альбому”, “Я нарадзіўся тут” і N.R.M. ды настойліва запрашалі на канцэрт “Крамбамбулі” ў Дудутках.
Не пакінулі абыякавымі нячастыя зараз госці ў Беларусі – Kriwi (на здымку наверсе). Шкада, што з прычыны вельмі напружанага графіку выступаў, яны не змаглі заспяваць усё тое, што хацелі пачуць слухачы. Графік, зрэшты, цалкам прадказальна “разваліўся” і аператыўна пераключаць людзей з вялікай сцэны на малую не атрымалася. Паміж выступамі музыкаў утвараліся вялікія паўзы, якія некаторых нават злавалі.
Недзе ў часе выступу Akute вядучы фэсту Ілля Маліноўскі правёў традыцыйны конкурс кідання кароўіх кізякоў. Гэтым разам удзел прыняў нават адзін з удзельнікаў гурта Litesound. А яшчэ адзін з удзельнікаў, каб кідануць кавалкам лайна падалей, уяўляў, што трымае ў руках дыск ненавіснага Стаса Міхайлава. Змагацца было за што – пераможцу чакала скрыня шампанскага.
З новых забаваў варта ўзгадаць катанні на тралеі – да гэтага атракцыёна вырасла буйная чарга.
Упэўнена адчувала сябе ў ролі аднаго з галоўных хэдлайнераў фэсту расейская група Theodor Bastard. Музыкі здолелі прыцягнуць пад сцэну ці не большасць наведнікаў. Арыгінальны, эклектычны стыль гурта, пабудаваны вакол шырока зразуметай world music, схіляўся то ў кірунку трып-хопу, то ў бок ледзь не progressive у стылі амерыканскіх Tool ці беластоцкіх zero-85.
Хэдлайнер фэсту – нямецкі гурт Feindrehstar – апынуўся не такім драйвовым, як некаторыя чакалі, але, безумоўна, не расчараваў.
Фэст, як заўсёды, парадаваў лаяльным стаўленнем да дзяцей і хатніх жывёл. “Шаблі” пацвердзілі сваю рэпутацыю месца не толькі для аматараў добрай музыкі, але і проста для якаснага сямейнага адпачынку.