Гарадзенскi “Нёман” запрашае заўзятараў на футбол. Уваход вольны!
Кіраўніцтва стадыёна разам з кіраўніцтвам ФК “Нёман” робяць уваход на матч вольным. Пачаткова планавалася зрабіць вольны ўваход для навучэнцаў і студэнтаў, але пасля вырашылі зрабіць для ўсіх.
Чаму менавіта ў гэты дзень уваход на матч павінен быць вольным?
Па-першае , у “Нёмана” лёсавызначальны. Ад яе вынику залежыць, ці трапім мы ў шасцёрку мацнейшых.
Па-другое, як ніяк – першае верасня. Вольны ўваход на стадыён і перамога “Нёмана” гэта, напэўна, будзе лепшы падарунак, які каманда можа зрабiць сваім заўзятарам ў гэты дзень. Напярэдадні навучальнага сезону, гарадзенскі клуб можа знайсці новых заўзятараў ў асобе студэнтаў.
Кіраўніцтва каманды вельмі сур’ёзна настроена на падтрымку заўзятараў. Але што робіцца для таго, каб гэты самы заўзятар прыйшоў на футбол? На гэтае пытанне адказаў прэс-аташэ ФК “Нёман” Пётр Карнаух:
align=”left” alt=”Пётр Карнаух, ФК Нёман” >
“Што тычыцца нашых дзеянняў, то стандартны набор па абвестцы аб маючым адбыцца футбольным матчы выглядае так: афішы, радыё, тэлебачанне, рэклама на транспарце, праца ў сацыяльных сетках.
Афішы размяшчаем па некалькіх каналах: вялікага фармату – на гарадскіх тумбах, якіх у горадзе 40 штук, тыя, што паменш – аддаем на буйныя прадпрыемствы, дзе іх размяшчаюць на прахадных, а таксама ў навучальныя ўстановы горада, калі там ідуць заняткі.
У аўтобусах і тралейбусах Гродна гучыць аўдыёрэклама. Транспартная рэклама прадаецца тыднёвым пакетам, таму калі матч праходзіць у суботу ці нават пятніцу, пасажыры будуць чуць яе аж да панядзелка. Гэта кагосьці раздражняе, кагосьці можа весяліць, але такія ўмовы і магчымасці.
Ёсць жаданне больш актыўна супрацоўнічаць з радыё ў плане прамых уключэнняў з месца падзей. Пакуль зрабілі гэта толькі раз – у пераможным матчы супраць “Белшыны”. Вельмі клапоцімся аб балельшчыках, якія глядзяць трансляцыі нашых хатніх матчаў у інтэрнэце. Рыхтуемся да кожнага матчу, абмалёўваем мноства слайдаў, каб прыгожа ўпакаваць прадукт. Адным словам, надаем інтэрнэт-трансляцыям вялікую ўвагу.
Таксама выпускаем праграмкi, якія, па водгуках калекцыянераў, як па інфармацыі, так і па афармленні лічацца аднымі з лепшых у чэмпіянаце.
На апошняй гульні разыгралі тры невялікіх, але каштоўных для сапраўднага заўзятара артэфакты: клубны шалік, вымпел з роспісамі гульцоў і кнігу з гісторыяй клуба, у якой таксама распісаўся ўвесь склад. У гэтым кірунку будзем рухацца наперад.
На тэрыторыі стадыёна ў дзень гульні стаіць палатка, у якой заўзятар можа набыць розную атрыбутык, у тым ліку і іншых клубаў. Гэта ініцыятыва “прыватніка”, якую мы вітаем і імкнемся, калі гэта патрабуецца, супрацоўнічаць і дапамагаць. Аматараў такой прадукцыі і жадаючых набыць штосці з сімволікай клуба, не так ужо і шмат – сегмент рынку невялікі. Ці будзе клуб займацца гэтым самастойна? Планы такія былі і ёсць, мы не адкідаем такое развіццё падзей.
Ёсць жаданне плённа супрацоўнічаць з радыё і мясцовым тэлебачаннем, шчыльней працаваць з аўдыторыяй падчас матчаў. Ды і іншыя ідэі, вядома, ёсць. Толькі не хочацца гаварыць пра іх загадзя. Бо лепш спачатку зрабіць, чым шмат казаць аб планах, наабяцаць і не выканаць.”
Цікава, ці пойдуць людзі на футбол?
Калі браць статыстыку, то колькасць людзей на хатніх матчах павялічылася на 37% у параўнанні з мінулым годам.
На першы матч “Нёмана” ў гэтым сезоне прыйшло 4500 чалавек, тады гулялі са “Славіяй”. Пасля пайшлі на рэкорды з БАТЭ, прыйшло – 5300. Далей пайшоў спад, як у гульні каманды, так і заўзятараў. Гульня з “Дняпром” – 3000 чалавек , з “Шахцёрам” – 2500, з “Тарпеда” – 2000.
Шмат залежыць і ад прыезджай каманды. Напрыклад, на матч з “Нафтанам” наогул прыйшло 1500 чалавек.
Як каманда б не гуляла, людзі не хочуць ісці на футбол. У чым жа проблема? На гэтае пытанне нам даў адказ адміністратар групы “Нёман” Укантакце, Павел Кулік:
“На сённяшні дзень наведвальнасць хатніх матчаў “Нёмана” пакідае жадаць лепшага. Тыя заўзятары, якія наведваюць усе гульні каманды, а іх у сярэднім каля 2000 – гэта самыя адданыя клубу людзі, якія будуць з камандай заўсёды і пры любых абставінах, як бы яна не гуляла.
Але ўсе мы памятаем часы, калі на наш стадыён прыходзіла па 15000! Успомніце, як заўзятары сустракалі каманду, калі яна выходзіла з распранальні, з усіх сектараў выляталі дзясяткі чэкавых стужак, многія малявалі свае самаробныя банеры, размалявалі ў жоўта-зялёныя тоны шчокі! А як балелі падчас матчу – дух займала! Адны толькі хвалі чаго каштавалі!
Каб вярнуць наведвальнасць на той узровень, неабходна, каб чалавек, прыйшоўшы на стадыён, адчуваў сябе часткай велізарнай сям’і, заўзятары і каманда павінны існаваць адзін для аднаго, а не паасобку. Трэба кардынальна памяняць стаўленне да заўзятараў з боку супрацоўнікаў клуба, стадыёна, міліцыі, ліквідаваць прыніжальную працэдуру агляду на ўваходзе.
Забяспечыць заўзятараў усім неабходным: ежай, сувенірамі, праграмамі, а не так як цяпер, каді адзін на ўвесь стадыён буфет і ў ім вялізная чарга, а да пачатку другога тайма ўжо пустыя прылаўкі. Трэба прывесці знешні выгляд білетаў у Божы выгляд, увесці электроннае браніраванне білетаў, усталяваць электронныя турнікеты (Ляцяга ўжо абяцаў).
Усё гэта магчыма толькі пры поўным узаемадзеянні клуба і стадыёна, а паколькі стадыён не моцна зацікаўлены ў павелічэнні наведвальнасці, то рашэнне па гэтым пытанні на карысць клуба павінна быць прынята на ўзроўні губернатара, каб дырэктару стадыёна не прыходзіла ў галаву ўстаўляць палкі ў колы.”
Толькі ад нас саміх усё залежыць. Давайце зробім чарговае свята ў горадзе, свята якое будзе кожныя выхадныя. Свята на якім усе адзін аднаго ведаюць і усміхаюцца. Свята калі ўсё ў аднолькавых колерах. Свята, якое аб’ядноўвае наш горад! Калі вы паважаеце сябе і свой горад , то павінны паважаць і сваю каманду! Падтрымаем наш “Нёман” першага верасня! Калі мы адзіныя, мы непераможныя!