“Нёман” ў шасцёрцы наймацнейшых!
Як і чакалася, на стадыёне адбываўся аншлаг. Дадзены матч наведала рэкордная колькасць чалавек у гэтым сезоне – ажно 5800 (уваход быў вольны). Падтрымка трыбун адыграла вялікую ролю ў гульні. Ужо пасля матчу гульцы “Нёмана” паўтаралі, што ў гэты дзень на стадыёне стваралася незабыўная атмасфера.
Камандзе Сяргея Саладоўнікава ў гэты дзень трэба было забіваць і абыгрываць “Дынама”, каб упэўнена ўладкавацца ў шасцёрцы наймацнейшых.
З самага пачатку матчу мінчукі завалодалі ініцыятывай і “Нёману” прыйшлося гуляць другім нумарам. Але праз дзесяць хвілін пасля пачатку, гарадзенцы не толькі выраўнавалі гульню, але і выйшлі наперад намаганнямі Івана Садаўнічага.
Пасля гульня так-сяк выраўнавалася, “Нёман” упэўнена дзейнічаў у абароне, на адной з контратак падвойваючы перавагу. На гэты раз удалося вызначыцца Ягору Зубовічу. Нападаючы “Нёмана”, карыстаючыся зручным адскокам мяча ад газона, выйграў барацьбу адразу ў двух абаронцаў “Дынама” і міма Сулімы адправіў мяч у далёкі кут варот.
Тым часам заўзятары “Дынама” на сваім сектары зарадзілі: “Всё ребята – харэ, отработали лавэ”! У першым тайме гульня сталічнага “Дынама” пакідала жадаць лепшага.
У другім тайме мінчане дадалі і нават здолелі забіць гол. А пасля маглі нават зраўняць лік. Але на карысць “Нёмана” ўпэўнена гуляла абарона і Чэрнік.
“Нёман” не стаў сядзець у абароне, а гуляў цалкам на роўных з “Дынама”. На 76 хвіліне матчу Савіцкі зарабіў пенальці і сам яго рэалізаваў. Колішні гулец гарадзенскага “Нёмана” Аляксандр Суліма не здолеў адбіць мяч Паўла Савіцкага. Так “Нёман» выйшаў наперад , а пасля і завяршыў сустрэчу з пераможным лікам 3:1. Тым самым, гарадзенцы забяспечылі сабе месца ў шасцёрцы наймацнейшых.
Ужо пасля матчу, як гульцы “Нёмана”, так і заўзятары, дзякавалі адзін адному за матч.
Ягор Зубовіч пасля матчу :
– Вар’яцкая абстаноўка, мне вельмі спадабалася. Гарадзенскія заўзятары малайцы. Часцей бы так.
А калі параўнаць Наваполацк, дзе ты раней гуляў, і Гродна?
– Пачнем з таго, што Наваполацк паменш будзе, але там таксама добрыя заўзятары. Але гарадзенцы – вялікія малайцы, я ім вельмі ўдзячны. Асабліва ў апошняй гульні падтрымка была вельмі добрая.
Адну з галоўных задач “Нёман” выканаў, прабіліся ў шасцёрку мацнейшых. Якая задача будзе наступная?
– Адназначна, трапіць у тройку прызёраў.
Ці па сілах гэта “Нёману”?
– А чаму не? Як-ніяк, зараз адставанне чатыры ачкі. Калі будзем працягваць у тым жа духу, трэцяе месца за намі!
Сяргей Саладоўнікаў пасля матчу:
– Напярэдадні гэтага матчу Валодзя Весялінаў прыйшоў у распранальню з коратка падстрыжанымі валасамі. Я спытаў, чаму ён змяніў прычоску. Ён кажа, што заўтра будзе “вайна”.
Мы наладжвалі каманду на “вайну”, тут вызначаецца характар, усё астатняе сыходзіць на другі план. Каманда гуляла з сэрцам, але з халоднай галавой.
Першы тайм быў проста фантастычным, як вынік – забітыя галы. Мы ведалі сілу “Дынама”, які кваліфікаваны там трэнерскі штаб. Таму сур’ёзна рыхтаваліся да гульні, ведаючы, што абгуляць іх зможам толькі за кошт хуткасці і агрэсіі. Гэта была бескампрамісная, баявая гульня. Дзякуй хлопцаў за сённяшні матч. Мы выканалі задачу мінімум, наперадзе яшчэ 10 тураў, трэба крок за крокам ісці наперад.
Раніцай вы былі ля Каложскай царквы. Дапамагло?
“Дынама” таксама там было. Гэта другаснае, у кожнага свае традыцыі. Ведаю адно: на футбольным полі перамагае характар і сумленнае стаўленне да гульні. Усё астатняе – дадатак. Добра, што сёння ўсё было ў комплексе. Мы верым у Бога, таму што шчыра ставімся да футбола.
Кіраўніцтва гарадзенскага “Нёмана” дзякуе сваім заўзятарам, што прыйшлі падтрымаць у гэты цяжкі дзень каманду. А таксама кліча на наступныя гульні сезону. Сталі вядомыя супернікі і даты на трэці круг:
2013.09.14 БАТЭ (Барысаў) – Нёман (Гродна)
2013.09.21 Нёман (Гродна) – Дынама (Мінск)
2013.09.28 Гомель – Нёман (Гродна)
2013.10.05 Тарпеда -БелАЗ (Жодзіна) – Нёман (Гродна)
2013.10.19 Нёман (Гродна) – Шахцёр (Салігорск)
2013.10.26 Нёман (Гродна) – БАТЭ (Барысаў)
2013.11.01 Дынама (Мінск) – Нёман (Гродна)
2013.11.10 Нёман (Гродна) – Гомель
2013.11.23 Нёман (Гродна) – Тарпеда -БелАЗ (Жодзіна)
2013.12.01 Шахцёр (Салігорск) – Нёман (Гродна)
Пасля другога круга табліца выглядае наступным чынам:
Месца |
Каманда |
Гульні |
Ачкі |
1. |
«Шахцёр», Салігорск |
22 |
49 |
2. |
БАТЭ, Барысаў |
22 |
48 |
3. |
«Дынама-Мінск» |
22 |
34 |
4. |
«Гомель» |
22 |
34 |
5. |
«НЁМАН» |
22 |
30 |
6. |
«Тарпеда-БелАЗ», Жодзіна |
22 |
28 |
7. |
«Белшына», Бабруйск |
22 |
28 |
8. |
«Мінск» |
22 |
25 |
9. |
«Дынама-Брэст» |
22 |
24 |
10. |
«Днепр», Магілёў |
22 |
23 |
11. |
«Нафтан», Наваполацк |
22 |
21 |
12. |
«Славія», Мазыр |
22 |
16 |
Здымкі Яраслава Ванюкевіча