Фэст паветраных змеяў на Юбілейным адкрыў верасень

| Без катэгорыі

У першы восеньскі дзень у неба запусцілі свае “лятучыя” канструкцыі больш за 30 чалавек. Гэта адбылося на беразе возера Юбілейнае, у ідэальным месцы для запуску: без дрэў, правадоў або іншых перашкод.

Па словах кіраўніка аматарскага аб’яднання “Геншыкен” Яўгена Сарваса, штогод гэта свята праводзіцца ў апошнія выходныя лета. Калі яшчэ захоўваецца добрае цёплае надвор’е і ўжо з’яўляецца моцны вецер.

 

“Традыцыя запускаць змеяў з’явілася даўно на Усходзе. Раней змеяў запускалі ў навуковых і ваенных мэтах, а зараз гэта адпачынак і забава для ўсёй сям’і.


На жаль, сёння самаробных змеяў вельмі мала і мы не выносім іх у асобную намінацыю. Лічыцца, што зрабіць змея самому даволі складана. Аднак, пару гадоў таму ў Сілічах мы бачылі змея з вешалкі і смеццевых пакетаў.


У Беларусі можна купіць змея ў любой дзіцячай краме. Напрыклад, сёння мы ехалі на фэст і ўжо ў дзвюх крамах усіх змеяў разабралі да нас. Лепш за ўсё сабе яго зрабіць самому, бо купляючы гатовага, вы давяраеце чужой працы.


Для пачатку лепш за ўсё браць звычайнага змея-птушку на нітцы з адным хвастом. Калі навучыцеся яго нармальна запускаць, можна пераходзіць да двухручнага і змея-ветразя”.

Журы выбірала пераможцаў у чатырох намінацыях: “Змей, які ўзляцеў вышэй за ўсіх”, “Самы прыгожы паветраны змей”, “Самы вялікі паветраны змей” і “Самы малады ўдзельнік запуску”.

 

Вышэй за ўсіх узляцеў бела-чорны змей Цімафея Сідаманідзэ – на вышыню 130 метраў. Хлопчык з’яўляецца сталым удзельнікам фестывалю і перамагае ўжо ў чацверты раз.

Самаму маладому ўдзельніку запуска Артуру ўсяго два гады, а самым прыгожым змеем журы выбрала кажана.

У намінацыі “Самы вялікі паветраны змей” перамог змей “Кайт” амерыканскай вытворчасці, якога яго ўладальнік набыў у Мінску. Удзельніку запуска ад моцнага ветру давялося і самому палятаць са сваім паветраным сябрам.

У запуску традыцыйна ўдзельнічалі ўжо не толькі сям’і, але і дзіцячыя калектывы. У гэтым годзе сваіх падапечных прывёз і сацыяльны педагог Гродзенскай гімназіі №3 Сцяпан Ракець, які з’яўляецца адначасова кіраўніком гуртка па суднамадэляванню.

 

“Дзеці ў нас умеюць рабіць з паперы караблі, самалёты і машыны. У будучыні для развіцця гуртка паспрабуем зрабіць паветранага змея самастойна, а пакуль даводзіцца іх купляць самому”.

 

Сацыяльны педагог набыў прафесійнага паветранага змея праз інтэрнэт за 300 тысяч рублёў. Іншыя ўдзельнікі фестывалю распавялі, што сваіх паветраных куплялі ў Польшчы, Германіі, Літве і Украіне.

Кошты таксама адрозніваліся: ад 50 грывен за аднанітачнага аматарскага да 50 у.е. за прафесійнага двухручнага з магчымасцю кіравання.

У гэтым годзе партнёрамі фестывалю паветраных змеяў сталі парк забаў “Джунглі Парк”, “Цэнтр культуры г. Гродна” і “Радыё Гродна”.