“Трэба пакупніка прывучаць да свайго вінаграда, а не да імпартнага”

|

Па словах вінаградара з Мастоў Віктара Даўгуна, вінаград можа расці як на адкрытым грунце, так і ў цяпліцах. У беларускай кліматычнай зоне некаторыя сарты ў адкрытым грунце не накопліваюць дастатковую колькасць цукру і колеру. Таму ў цяпліцы высаджваецца той сорт, які мае працяглы тэрмін паспявання – больш за 130-140 дзён. Вінаград, які спее да 120-130 дзён, высаджваецца на вуліцы.

 

“Мы ўжо ведаем, у якога сорта вінаграда якія тэрміны паспявання, і дзе яму будзе лепш. Самі мы селекцыяй не займаемся, а купляем тронкі ва Украіне ці Расіі, там, дзе іх радзіма.

 

Бізнес даволі выдатковы, і патрабуе вялікай працы і часу. Усяго ў нас на ўчастку высаджана каля 200 кустоў вінаграду ста розных сартоў. У беларускіх умовах куст вінаграду зможа даваць не менш за 20-25 кг ураджаю ў перыяд паспявання”.

На мерапрыемстве можна купіць саджанцы больш за 30 сартоў вінаграду, а таксама кусты журавін, буякоў, ажыны, суніцы, маліны, цытрыны і садовай актынідыі. Тут ёсць пасадачны матэрыял дэкаратыўных хмызнякоў для дачных і прыватных гарадскіх участкаў.

Усяго ў Беларусі можа вырошчвацца больш за 200 гатункаў вінаграду, як на адкрытым грунце, так і ў цяпліцах. У аграрным універсітэце вінаградары дэманструюць як вядомыя сорты і гібрыды, так і навінкі селекцыі.

Віктар Даўгун , вінаградар:

 

“Увесь свой ураджай мы прадаем на абласныя рынкі. Трэба нашага пакупніка прывучаць да свайго вінаграда, а не да імпартнага.

 

Заўсёды пытайце ў прадаўцоў ці мясцовы вінаград. У свежага вінаграда грэбень павінен быць зялёны, а не засохлы. Сухое сцябло кажа пра тое, што вінаград стары і прывезены даўно.


Свежы вінаград – гэта зрэзаны ўчора на сёння, які трэба прадаць за 2-3 дні, інакш грэбень пачне сохнуць. Таксама трэба глядзець на ягаду, каб яна не была зацёртая або гнілая”.

Цана за 1 кг вінаграда залежыць ад смакавых якасцяў, таму што вінаград бывае рыначны і нярыначны. На выставе можна купіць на спробу беларускі вінаград за 20 тысяч рублёў за кілаграм.

Таксама тут можна атрымаць кансультацыю і пагутарыць з садоўнікамі-аднадумцамі аб правілах вырошчвання і апрацоўкі культуры.

Выстава вінаграду будзе праходзіць да 18.00 6 верасня.