Сонную гарадзенскую нядзелю разварушыў сталічны “Zabor”

|

Менавіта тут журы конкурсу мела выбраць наступнага ўдзельніка праекту “Zabor”. У выставачнай зале гарадзенцы ўбачылі па восем прац пяці мясцовых мастакоў, якія актыўна працуюць, выстаўляюцца і самі ініцыююць уласныя творчыя праекты: Сяргея Грыневіча, Юрыя Якавенкі, Вікторыі Ільіной, Аляксандра Сільвановіча і Пятра Янушкевіча.

 

Арт-дырэктар праекта “Zabor” Ірына Кандраценка:


“Гродна мяне парадаваў тым, што тут усё мастакі ўжо састаяліся. Усе працы свежыя, напісаны якасна, з майстэрствам і душой”.

 

Мастаком, працы якога трапяць на гарадзенскі і сталічны заборы, быў абраны Юры Якавенка. Карціны гэтага графіка, у якіх сумешчаны тэхнікі акварэлі і фотапалімера (на здымку ніжэй), будуць прадстаўляць Гродна на выніковых выставах праекта ў Мінску. Таксама працы мастака патрапяць 24 кастрычніка на забор парку імя Жылібера ў цэнтры горада.

Працы Юрыя Якавенкі былі найменшымі з усіх паводле памеру. Мастак прызнаўся, што любіць хутчэй “вялікае ў малым, а не малое ў вялікім”. На здымку ніжэй – манументальныя працы Сяргея Грыневіча.

 

Ірына Сільвановіч, дырэктарка Гродзенскай выставачнай залы:


“Іншыя вобласці выглядаюць у праекце слабей за Гарадзеншчыну. Журы было здзіўлена, калі ўбачыла, якога высокага ўзроўню мастакі тут жывуць. Акрамя наведвання майстэрняў, мы займаліся сёння і выбарам забора для экстэр’ера вінілавых рэпрадукцый фіналістаў.


Напрыклад, забор каля Новага замка добры, але там ходзіць мала людзей. Спыніліся на заборы насупраць Гарвыканкама. Ён нізкі, але мы прыдумаем, як там замацаваць работы”.

На здымку вышэй – карціны Вікторыі Ільіной, ніжэй – Аляксандра Сільвановіча

Руслан Вашкевіч, мастак, член журы:


“Для мяне ад Гродна быў культурны шок. Я ўпершыню так доўга і якасна пабыў у вас на вуліцах і ў гарадской просторы. Лічу, што Мінску трэба яшчэ расці да такой якасці адносін паміж людзьмі і мастакамі ў прыватнасці”.

 

Аляксандр Сільвановіч, гарадзенскі мастак, удзельнік праекту:


“У нас у Гродне такі праект праходзіць упершыню. Мастакі самі па сабе людзі інэртныя. Мы доўга запрагалі, але калі ўбачылі мэты і ідэі гэтага праекта, падумалі пра тое, што можна паўдзельнічаць. Тым больш, добрых мастакоў у нас больш, чым пяць чалавек, якіх абралі арганізатары. Для нас гэта вялікі гонар удзельнічаць у гэтым конкурсе.


Я лічу, што журы зробіць выбар так, каб творчасць мастака, якога сёння яно абярэ, не выбівалося з агульнай ідэі праекта, а дапаўняла працы тых, хто ўжо ў ім ёсць”.

 

Алег Хусаянаў, дырэктар кампаніі “Зубр Капітал”, член журы:


align=”left” alt=”Алег Хусаянаў, Олег Хусаянов” >“Праект нарадзіўся ў 2012 годзе. Стаяла задача несці мастацтва ў масы. Мы прыдумалі, што трэба наносіць рэпрадукцыі на добры вініл і развешваць іх на заборах. Мы хацелі б, каб гэта падзея паказвала людзям, якія мастакі жывуць і працуюць у нашых гарадах”.

 

Пасля вернісажу гарадзенскіх мастакоў дзеянне арт-праекта перамясцілася ў галерэю “Крыга”, дзе ва ўнутраным дворыку ўдзельнікаў і гасцей чакала “Алычовае дрэва цудаў”. Цёплае вераснёвае надвор’е дазволіла арганізатарам развесіць на дрэве фатаграфіі з выставы “Zabor” з розных гарадоў, а таксама з інтэр’ерамі майстэрняў удзельнікаў. Хто змог дацягнуцца да галін дрэва, браў іх сабе на памяць, а наўзамен пакідаў пажаданні і віншаванні ўдзельнікам.

 

Усяго ў Мінску праект “Zabor” плануе выставіць каля 100 карцін 4-5 сталічных мастакоў і шасці майстроў з кожнай вобласці. Наступным і апошнім абласным горадам, які прыме конкурс “На Zabore”, будзе Брэст.

 

Здымкі Яна Лялевіча