З-за замежных студэнтаў гродзенскія беларускамоўныя выкладчыкі пяройдуць на рускую?

|

Паводле гарадзенскага выкладчыка, які прасіў захаваць ягонае імя ў таямніцы, студэнтка паскардзілася, што не разумее па-беларуску: «Адзін з выкладчыкаў абурыўся і сказаў, што ягоны курс немагчыма чытаць па-расейску. Спадар Нечухрын сказаў, што знойдзе выкладчыка, для якога гэта магчыма. А напрыканцы сустрэчы зазначыў, што выкладчыкаў зашмат і плануюцца скарачэнні».

 

Кіраўнік факультэту цвердзіць, што рэкамендацыя чытаць лекцыі па-расейску датычыць толькі навучання іншаземных студэнтаў.

«Я рэкамендаваў толькі адное: іншаземцам трэба чытаць па-расейску, бо з імі кантракт. Або прапаноўваць расейскія тэксты і праводзіць з імі кансультацыі, бо іншаземцы не разумеюць беларускай мовы.

Гаворка ідзе толькі пра іншаземца, а што датычыць нашых грамадзянаў і расейцаў, то наадварот: чым большы будзе кампанент беларускай мовы, тым лепш», – патлумачыў Аляксандр Нечухрын «Белсату».

Былы выкладчык ГрДУ Ігар Кузьмініч гаворыць пра паступовую русіфікацыю ва ўстанове: «Да 1998 года на кафедры гісторыі дзяржавы і права недзе з 18 выкладчыкаў большасць, каля 15, чытала па-беларуску.

Але паступова ўсе перайшлі на расейскую. Я быў апошнім выкладчыкам на кафедры, які чытаў лекцыі па-беларуску.

Да мяне два разы падыходзілі ды прапаноўвалі перайсці на расейскую. Я адмаўляўся. Ціску з-за гэтага не было».

На думку спадара Кузьмініча, паступовы пераход на расейскую мову сапраўды можа быць выкліканы тым, што ў Беларусь усё больш прыязджаюць навучацца замежныя студэнты: «Уявіце сітуацыю: курс сто чалавек, з іх трое – туркмены. Яны кажуць: чытайце па-расейску, бо мы не разумеем.

У выніку амаль сотня беларусаў вучацца па-расейску.

Але паводле заканадаўства выкладчык мусіць сам вызначаць, на якой з дзяржаўных моваў ён будзе выкладаць. А замежныя студэнты маюць вучыцца асобна – для іх можна чытаць па-расейску».

На новым факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму навучаецца 100 замежных студэнтаў і 1600 беларусаў.