Зробім!-2013: “Чысцей стала не таму, што менш смецяць, а таму, што часцей прыбіраюць”

| Без катэгорыі

Гарадзенцы другі год запар удзельнічаюць у акцыі “Зробім”. Валанцёры навялі парадак у засмечаных гарадскіх лесапарках і зонах адпачынку. Для ўдзелу спатрэбіліся вялікія мяшкі для смецця, рабочыя пальчаткі і добры непрамакальны абутак.

 

Гэтым разам у Гродне навялі парадак на сямі аб’ектах. Велаактывісты зрабілі чысцей веласіпедную трасу ў Пышках, дзе прыбіраліся і гарадзенскія школьнікі. Слінгамамы разам з дзеткамі папрацавалі ў лесе па вул. Крамко. Работнікі Орхускага цэнтра, студэнты ГрДУ і аграрнага універсітэту прыбралі ўчастак вул. Понямуньскай каля “Алмі”. Таксама студэнты юрфака і гістфака ГрДУ прыбіралі лясныя зоны на вуліцах Томіна, Дамброўскага і Славінскага.

Урочышчы “Фарты” каля 4-ай гарадской бальніцы прыбралі студэнты біяфака ГрДУ ім. Янкі Купалы, удзельнікі ініцыятыўнай групы “Чысты лес – чысты розум”.

Па словах прыбіральніка “Фартоў” Юрыя Амялішкі (на здымку), жыхары раёна Вішнявец нядбайна ставяцца да блізкага лесу:

 

“Я прыходжу сюды кожны дзень, як толькі пачынае світаць, і кожны дзень бачу новае смецце. Улетку пасля выходных заходжу на паляну і адразу набіраю поўны мяшок пластыка. Яго больш за ўсё на палянах і ў месцах, дзе стаяць вялікія камяні, якія служаць для кампаній сталом.


Людзі ідуць з аўтобуснага прыпынку праз лес. У пятніцу яны не ідуць адразу дадому, а заходзяць у лес расслабіцца. Хто дзень нараджэння адсвяткаваць прыходзіць, а хто проста на пікнік з мангалам або вогнішчам.


Я ўвесь час кажу, што тут нельга вогнішчы паліць, але мяне ніхто не слухае. Тады я проста прашу прыбраць за сабой. Усе абяцаюць, але не ўсе робяць. Калі людзі цвярозыя, то яны выносяць смецце, а калі п’яныя, то ўсё пакідаюць.


Бывае ў смецці застаюцца і рэшткі ежы – каўбасы, хлеба, рыбы ці кавуна. На гэта злятаюцца вароны, якія горшыя за прусакоў. Яны не толькі з’ядаюць рэшткі ежы, але і наносяць шкоду навакольнаму асяродзю. Так, я аднойчы вырваў з кіпцюроў вароны жывую вавёрку”.

Праблематыкай дадзенага леса даўно цікавіцца ўдзельніца таварыства “Зялёная сетка” Юлія Каляда (на здымку вышэй). Па словах удзельніцы акцыі, гэтаму ўрочышчу ўжо даўно пара стаць акультураным лесапаркам.

 

“Група “Чысты лес – чысты розум” сабралася ў 2011 годзе. Тады мы з мая па кастрычнік правялі каля 20 уборак, выходзілі практычна кожныя выхадныя. Мы хадзілі ў Румлёва, Пышкі, на кар’еры, але потым патрапілі сюды ва ўрочышча “Фарты”.


Гэтае месца нам адразу спадабалася, і мы пачалі хадзіць сюды часцей. Калі кудысьці хадзілі адзін раз, то тут правялі амаль два месяцы. Аднойчы мы праводзілі тут уборку, усе паляны былі засланыя смеццем. Мы прыбралі, як маглі, але вярнуўшыся сюды праз тыдзень убачылі, што і смецце вярнулася.

Прайшлі два гады, і лясгасы сталі перадаваць лес на баланс ЖКГ ці “Гродназелянбуда”. Так у гарадзенскіх лясах з’явіліся прыбіральшчыкі і стала прыкметна чысцей. Мы прыйшлі сюды прыбіраць і былі прыемна здзіўлены, што смецця няшмат. Гэта, канешне, радуе. Я лічу, чысцей стала не таму, што людзі сталі менш смяціць, але таму, што прыбіраць сталі часцей.


Было б нядрэнна, каб гэтаму месцу далі нейкі статус і тут акрамя прыбіральшчыкаў з’явіліся і нарады міліцыі. Асноўнае смецце, якое мы тут бачым, гэта бутэлькі з-пад алкаголю. Сёння нам сустрэліся мясцовыя “лясныя” жыхары – бамжы, якія пакідаюць у лесе старую вопратку (на фота ніжэй). Але, у асноўным, смецце тут пакідаюць людзі, якія распіваюць спіртное. І калі б за гэтай тэрыторыяй быў замацаваны нейкі мінімальны кантроль, было б нашмат лепш”.

Першая партыя смецця, сабраная за адну гадзіну ва ўрочышчы “Фарты”

 

Усё сабранае смецце вывезлі на аўтатранспарце САХа. А для таго, каб мясцовыя жыхары і госці лесу памяталі аб чысціні, актывісты кампаніі “Зробім!” пакінулі на дрэвах вясёлыя напаміны.

Удзельніца акцыі са знойдзеным трафеям – плёначным фотаапаратам “Алімпус”

 

Нагадаем, у Беларусі правядзенне грамадскай акцыі “Сусветная прыборка 2013. Зробім!” падтрымліваецца Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Міжнародная акцыя “Сусветная прыборка” праводзіцца ў свеце з 2008 года. Беларусь гэтым разам падтрымае акцыю другі год запар. Акцыя носіць добраахвотны характар і не з’яўляецца цэнтралізаванай, таму кожны жадаючы можа арганізаваць уборку ў сваім рэгіёне.