Мікалай Аўтуховіч у гарадзенскай турме на знак пратэста пашкодзіў жывот лязом

|

Два гады запар Мікалаю Аўтуховічу выносяць спагнанні ў той час, калі сканчаюцца пакаранні, накладзеныя раней.

“Платформа” піша, што 4 верасня, калі вязню заставаўся месяц да пагашэння ўсіх парушэнняў, на яго было накладзена новае спагнанне. Гэта пазбавіла яго магчымасці атрымаць пасылку і перадачу, сустрэцца са сваякамі.

 

Па непацверджанай інфармацыі, прычынай спагнання стала адсутнасць Аўтуховіча 26 жніўня на сваім спальным месцы пасля адбою.

 

Па версіі з той жа ананімнай крыніцы, эмацыйная рэакцыя Аўтуховіча на спагнанне тлумачыцца тым, што вязень старанна сыходзіць ад любых парушэнняў: “Яму, як вайскоўцу, не цяжка ўстаць раніцай і своечасова легчы спаць. Ён прызвычаіўся да такога рэжыму. Прызвычаіўся і па паўгода ні з кім не размаўляць, кажучы ў дзень па пары дзяжурных фраз — абы не даваць нагоды да далейшых правакацый”.

 

Калі за Аўтуховічам замацуецца статус злоснага парушальніка, тэрмін яго зняволення можа быць падоўжаны.

Таксама вязню можа быць прызначаны прэвентыўны нагляд пасля вызвалення.

Для такіх выпадкаў існуе артыкул 411 Крымінальнага кодэкса — злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі выпраўленчай установы, што выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі.

 

Мікалай Аўтуховіч — ветэран афганскай кампаніі, прадпрымальнік і грамадскі дзеяч з Ваўкавыска. У траўні 2010 года ён асуджаны на 5 гадоў і 2 месяцы пазбаўлення волі за незаконныя дзеянні адносна агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў. Праваабаронцы лічаць гэты прысуд палітычна матываваным.