Мастакі, музыкі і дыпламаты сустрэліся на “Скрыжаванні”
Залева, што не спынялася каторы дзень, не перашкодзіла сабраць у галерэі “Крыга” поўную залу людзей.
Выстава “Скрыжаванне” – у пэўным сенсе працяг супольнай працы, якую мастакі распачалі ў папярэднім “музычным” праекце “Autorsong” (у ім, акрамя графікі, знайшлося месца і музыцы ў выкананні Марэка Галонзкі). Гэтым разам паставай для творчасці сталі вершы ксяндзоў-паэтаў Яна Твардоўскага ды Міраслава Качмарэка.
Само слова “скрыжаванне” мае мноства сэнсаў і кожны з выступоўцаў па-свойму патлумачыў як яго разумее. Гаспадыня галерэі Марыся Мацко расказала пра наведніка, які ў дзень адкрыцця выставы прыйшоў у галерэю ды на налепленым на сцяне вялікім папяровым крыжы нечакана напісаў вялікае “Я”.
Збігнеў Тэрэпка: “Для мяне “скрыжаванне” – гэта вельмі прыватная справа, гэта мая сустрэча з Валянцінай: машыя супольныя выцечкі, адведзіны адзін аднога, фатаграфаванне. Гэта для мяне самае важнае і ўсё гэта адлюстравана ў нашых працах”
align=”left” alt=”Валянціна Шоба, Крыга, Валентина Шоба” >Валянціна Шоба: “Для мяне гэта развітанне з нейкай часткай маёй творчасці, музычнай, і сустрэча з творчасцю духоўнай асобы, якая мяне ўразіла сваімі вершамі”.
Вершы ксяндза Міраслава з перакладамі на беларускую мову Дануты Бічэль ды ілюстрацыямі Валянціны Шобы можна было пабачыць падчас выставы. Валянціна спадзяецца, што знойдзецца хтосьці, гатовы прафінансаваць выданне гэтага ў выглядзе кнігі.
Прысутныя пазнаёміліся з новым консулам Польшчы па справах культуры, спадаром Веславам Раманоўскім.
“Скрыжаванне гэта месца, дзе ўсё можа здарыцца: мы можам трапіць у аварыю, можам сустрэць каханне, можам не сустрэць анічога, а нават прайсці абыякава побач з нейкай звышважнай справы. Скрыжаванне гэта таксама месца, куды мы адкульсці прыходзім са сваёй уласнай гісторыяй. На скрыжаванні ёсць усё, – падзяліўся сваімі думкамі консул. – Не хацелася б, каб гэта была метафара адносін Польшчы і Беларусі ці нейкага палітычнага канфлікту, наадварот, хацелася б, каб гэтае скрыжаванне было месцам дыялогу. І дзеля гэтага мы тут, як польскія дыпламаты, прысутнічаем”.
Другі з прысутных польскіх дыпламатаў прызнаўся, што хаця ён жыве і працуе ў Гродне ўжо тры гады, ён толькі зараз упершыню трапіў у “Крыгу” і апынуўся пад уражаннем ад гэтага месца.
Да выступоўцаў са сваімі цёплымі віншаваннямі далучыўся Станіслаў Кічко, старшыня Таварыства польскіх мастакоў. Ад яго прысутныя даведаліся, што 26 верасня працы Вялянціны Шобы будуць паказаныя ў Сенаце Польшчы ў Варшаве, а 28 верасня адчыняецца выстава мастачкі ў Сувалках. Сама Валянціна заўважыла, што ў суседняй Польшчы выстаўляецца ці не часцей, чым на радзіме.
Наогул, Валянціна Шоба – мастачка, якая часта ўдзельнічае ў супольных праектах з нашымі суседзямі. У мінулым месяцы ў “Крызе” праходзіла яе супольная з літоўскім фатографам Ёнасам Страздаўскасам выстава пад назвай “Адлюстраванне”.
Сюрпрызам стаў выступ Зміцера Вайцюшкевіча. Музыка прыехаў на запрашэнне сваёй знаёмай, нягледзячы на тое, што за дзень да адкрыцця выставы ў яго ў хаце ў Астрашыцкім гарадку здарыўся пажар у гаспадарчых пабудовах.
Здымкі Яна Лялевіча