Лепшыя піратэхнікі Еўропы і СНД запалілі неба Ваўкавыска
На гарадзішчы “Шведская гара” чатыры вядомыя ў Еўропе і СНД піратэхнічныя каманды дэманстравалі апошнія навінкі піратэхнічнага мастацтва, а таксама змагаліся за першынства ў ІІ Фестывалі феерверкаў.
У мінулым годзе мерапрыемства праводзілася на мотатрасе. З-за нараканняў гледачоў фестываль перанеслі ў цэнтр горада, дзе створаны больш зручныя ўмовы для прагляду.
Па выніках першы прыз атрымала каманда “Event 5 plus” з Кіева, другімі сталі літоўцы “Pirotechnikos Gaminiai” з Вільні, а трэцяе месца атрымала каманда “Пиротехнические Дворы Петергофа” з Санкт-Пецярбурга.
Аляксей Кравец, удзельнік каманды “Event 5 plus” з Украіны:
“Сінхронна-музычны феерверк нельга лічыць проста феерверкам. Гэта сапраўднае шоў, гэта комплексная праца цэлай каманды. Для нас самая лепшая адзнака феерверка – эмоцыі, якія атрымліваюць гледачы ад гэтай прыгажосці”.
Віталь Пракоф’еў, удзельнік каманды “Пиротехнические Дворы Петергофа” з Расіі:
“Сёння мы прывезлі годную праграму, якую зрабілі спецыяльна для Ваўкавыска. Феерверкі нам падаў прымаючы бок. Арганізатары паказалі нам пералік піратэхнічных вырабаў, на падставе якога мы абралі усё неабходнае для дэманстрацыі нашай праграмы”.
Паказ кожнай каманды доўжыўся каля шасці хвілін з тэхнічнымі паўзамі паміж выступамі па 10 хвілін. Пасля выступы ацэньвала судзейская калегія з прадстаўнікоў Расійскай і Беларускай піратэхнічных асацыяцый, Еўрапейскай піратэхнічнай асацыяцыі EUFIAS, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі горада і дзяржаўных органаў.
Па заканчэнні конкурснай праграмы на суд гасцей быў прадстаўлены гранд-феерверк ад арганізатара фестывалю кампаніі “Кальвін”, якой, як запрашаючаму боку, нельга было ўдзельнічаць у конкурснай праграме.
Кастусь Марозаў, капітан беларускай піратэхнічнай каманды:
“Сёння ва ўсіх удзельнікаў была абавязковая праграма: зрабіць фаер-шоў пад песню пра каханне. Другая частка – шоў пад адвольную песню, выбраную калектывам для самапрэзентацыі.
У каманд ёсць тэхнічныя абмежаванні: па бальнай схеме і па калібрам. І, вядома, асноўнае абмежаванне – гэта пляцоўка, якая знаходзіцца 700 метраў ад гледачоў.
Ваўкавыск падхапіў піратэхнічны сцяг пасля Лагойска і будзе яшчэ не раз радаваць жыхароў феерверкамі. Зараз мы назіраем тэндэнцыю, як Ваўкавыск ператвараецца ў сталіцу піратэхнічнага руху. Усе гарады Беларусі могуць яму пазайздросціць, таму што такога нашэсця гігантаў піратэхнікі я не сустракаў нідзе гадоў пяць”.
У будучыні арганізатары хочуць запрасіць для ўдзелу піратэхнікаў з Францыі, Германіі і Італіі.
На фестывалі таксама выступілі ўдзельнікі міжнародных спаборніцтваў па Шатакан каратэ-до, танцавальныя калектывы з Гарадзеншыны і спявак Аляксей Хлястоў.