Замкнёнае кола гарадзенскай паэзіі
Я адразу ўспомніў, як у пачатку васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя ўпершыню трапіў на пасяджэнне “Наднёманскіх галасоў”. Мы, тагачасныя студэнты і адначасова маладыя літаратары, чыталі і абмяркоўвалі свае творы, горача спрачаліся і бескампрамісна адстойвалі свой погляд на жыццё.
У 90-я гады, цяпер у незалежнай Беларусі, “Наднёманскія галасы” працягвалі гучаць. Ужо новае пакаленне маладых гарадзенскіх літаратараў упэўнена заяўляла пра сябе. Сапраўды, калі табе толькі дваццаць ці крыху болей, ты поўны мараў, надзеяў, спадзяванняў, твой талент табе ўяўляецца бязмежным – і хочацца заявіць пра гэта на ўвесь свет.
Зборніку “Кола”, у адрозненні ад папярэдніх падобных выданняў, пашанцавала праз адсутнасць у той момант цэнзуры. Можна было пісаць практычна пра ўсё, не звяртаючы ўвагу на ўнутранага рэдактара.
Гартаю старонкі і ўздрыгваю ад нечаканасці. Гарадзенскія паэты Едрусь Мазько і Юры Гумянюк у гэтым зборніку – суседзі. Што непакоіла іх тады, ужо вельмі таленавітых і яшчэ зусім маладых?
Чытаю ў Мазько:
Я запаліў у ночы свечку,
няхай гарыць у маім вакне.
Труны зламанай вечка
ня кожны ў гэтым сьвеце абміне.
А ў Гуменюка кідаюцца ў вочы радкі:
Калыхаюся я ў эпіцэнтры
грамафона, які яшчэ грае.
І зноў мячык, як у пінг-понгу, на баку Мазько:
Усё пачынаецца з Небыцьця
кволага нібы першае лісце бяроз
непаразумелага
як ноч.
А Гумянюк быццам адказвае:
Гэты сад, гэты дом, новы дзень…
І віхор нерэальны насустрач
у твар…
Дзесьці ТАМ неабсяжны пажар,
і жанчыны бягуць спаміж дрэў.
Хтосьці ў небе хвілёва згарэў…
А наступны верш у гэтай нізцы Гуменюка пачынаецца так:
Трэба захлынуцца апантанасцю жыцця,
у калодзеж кінуць сатанінскае дзіця.
Едрусь Мазько сваю паэтычную споведзь у зборніку заканчвае наступным вершам:
Як цяжка перажыць апошні дзень,
прайсці скрозь успамінаў чараду.
А сьмерць ужо кладзе свой цень
на сонечны прамень і на вясну.
І я, забыўшыся на цэлы сьвет,
гляджу ў яе пустыя вочы
і шлю апошні свой прывет
сьвятой збавіцельніцы-ночы.
А Юры Гумянюк ва ўжо згаданым тут вершы зноў гаворыць:
Ты… распранутым хлопцам пайшоў,
каб спаткаць
гэты сад, гэты дом, новы дзень…
І віхор нерэальны насустрач
у твар…
Вось такая атрымалася дваццаць гадоў назад своеасаблівая пераклічка гарадзенскіх паэтаў, якіх сёння ўжо няма побач з намі. Што гэта? Містычнае прадбачанне блізкай будучыні? Ці проста менавіта такое… натхненне? Бываюць моманты, ведаю па сабе, калі вельмі лёгка пішацца пра смерць. Асабліва калі цябе дваццаць, ці крыху болей…