Гродна на два дні стаў “сырным”
У першы дзень Фэста эксперты вызначылі лепшага вытворцу, якім стаў Ашмянскі сыраробны завод. А ўжо ў суботу майстры “сырных” справаў паказалі свае лепшыя ўзоры сыру жыхарам горада.
Начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі і дырэктар “Малочнага міру” Марына Анікеева адкрываюць фестываль сыра
Акрамя выставы сырнай прадукцыі на Фэсце свае работы паказалі і “сырныя” кулінары. Тэхнолаг гандлёвага прадпрыемства “Лімож” Анжэла Кліх зрабіла сырную кампазіцыю ў выглядзе “Каложы”.
“Паколькі конкурс абласны, мы вырашылі паказаць менавіта герб Гродзенскай вобласці і Каложскую царкву – найбольш вядомую выяву Гродна.
Мы рабілі гэта з учорашняга вечара і да сённяшняй раніцы. Для Каложы выкарыстоўвалі сыр Ашмянскага масласырзавода “Белая Русь”. Герб залівалі ў спецыяльнай форме з расійскага сыру і сіняй харчовай фарбы.
Лілія Лагуценкава, повар рэстарана “Гедымін”, г. Ліда:
“Княгіня Вольга была жонкай князя Гедыміна і вядомай прыгажуняй. Вось мы і вырашылі паказаць яе прыгажосць. Тут выкарыстана 12 гатункаў сыру. Мы дадалі і плаўленыя сыры, і сыры са спецыямі, вэнджаны сыр і шакаладны. Некаторыя элементы зроблены з кмена, кропу і размарына. Страву рыхтавалі цэлыя суткі не кладучыся спаць”.
Гарадзенцы змаглі прагуляцца па сырнай алеях, зазірнуць на сырныя падворкі, прыняць удзел у конкурсах па маляванні на асфальце і ўзвядзенні сырнай вежы.
Па словах Наталлі Рамановіч, намесніцы начальніка аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага райвыканкама, Адэльскі падворак паказвае прадукцыю, якую цяпер цяжка знайсці ў краме:
“На Фестывалі мы прадстаўляем Адэльскі цэнтр культуры і народнай творчасці, які займаецца аднаўленнем беларускіх традыцый. На нашым дворыку можна паспрабаваць тое, што рабілі рукамі нашы бабулі: самаробнае хатняе масла і тварог з кменам.
У гульнявых праграмах масла можна збіць самім у маслабойцы. У другім конкурсе з адмысловых “сырнічкаў” трэба адціснуць тварог на хуткасць, які пераможцы могуць забраць з сабой у якасці прыза.
Вы ведаеце, што ў гарадзенскіх крамах цяжка зараз знайсці сапраўдны беларускі клінковы сыр. Аднак у Адэльску дэфіцыту пакуль няма. З-за тых абставін, што ў аграгарадок прыязджае шмат турыстаў, разам з падрыхтоўкай страў беларускай кухні там робяць і гэты сыр. Гэта своеасаблівая “фішка”, таму адмаўляцца ад яго вытворчасці ніхто не збіраецца.
Адзіная праблема – скарачэнне ў аграгарадку пагалоўя кароў. На сённяшні дзень тых кароў, што ёсць, мы, вядома, стараемся задзейнічаць па максімуму”.
У Беларусі тварожны (клінковы) сыр рыхтавалі са спрадвечных часоў. Першыя згадкі пра яго можна знайсці ў Галіцка-Валынскам летапісе XII стагоддзя. Зараз гэты сыр становіцца рэдкасцю і, на думку гісторыкаў, можа неўзабаве увайсці ў прадуктовую “чырвоную” кнігу беларускіх прадуктаў.
Аднак генеральны дырэктар ААТ “Малочны мір” Марына Анікеева лічыць, што трывогу біць рана:
“Я не думаю, што варта хвалявацца з нагоды меркаванага ў будучыні знікнення з беларускага рынку клінковага сыру. Сёння ў Беларусі група мяккіх сыроў прадстаўлена добра. Пагадзіцеся, што сёння ў беларусаў мяняюцца смакавыя перавагі. Здаўна ў беларусаў было толькі мяккае тварожнае сырадзелле. Калі людзям спрадвечна заўсёды гэта падабалася, то на пакупніка будзе працаваць і вытворца.
Мы пастаянна робім маніторынг. Былі тэндэнцыі, калі мяккая група пераходзіла ў больш салодкі напрамак з даданнем сухафруктаў і траў. Але заўсёды гэта ацэньвае пакупнік: ва ўсіх густы розныя.
Сёння мы прадставілі больш за 20 цвёрдых гатункаў сыру для дэгустацыі і продажу. Тут ёсць тыя віды сыроў, якія не выпускаліся раней. Гэта сыры з нейкімі экзатычнымі і нетрадыцыйнымі дадаткамі: разынкамі, курагой, пажытнікам, кунжутам, зернямі гарчыцы, кропам, алівамі, маслінамі і грэцкімі арэхамі. Таксама тут можна ўбачыць сыры велізарных памераў, вага якіх вар’іруецца ад 50 да 100 кг.
Сапраўды не чакалі, што будуць такія вялізныя чэргі. І тут усё вырашае нават не цэнавы фактар, а створаная беларускімі сыраробамі разнастайнасць”.
Прадстаўнікі “сырнага” бізнесу прызналіся, што лепшая прадукцыя гэтай галіны арыентавана на экспарт. Так, Дзятлаўскі сыраробны завод вывозіць за мяжу 93% (!) сваёй прадукцыі, а Шчучынскі масласыр завод – да 70% экспартуе ў Расію і Украіну.
Галоўны тэхнолаг Шчучынскага масласырзавода Таццяна Васюк таксама распавяла пра тое, як на іх прадпрыемстве падтрымліваюць беларускія сырныя традыцыі.
“Клінковы сыр у нас раскупляюць вельмі хутка. У спажыўцоў гэты сыр карыстаецца попытам, аднак гэтая прадукцыя не вельмі рэнтабельная, таму што наш завод не можа даць вялікіх аб’ёмаў .
Калі б мы выпускалі вялікія аб’ёмы, то тады б прадукцыя давала прыбытак. Таму мы вымушаныя прыдумляць аналагавыя віды з рознымі дадаткамі. Цяпер у нас будзе выпускацца аналагавы мяккі сыр “Вясковы” з кропам.
Робіцца традыцыйны тварожны сыр цяжкавата, таму што трэба вялікая колькасць рук. Шэсць дзяўчат уручную закладваюць яго у спецыяльныя мяшэчкі, а затым прэсуюць. Так, у дзень яны ўручную вырабляюць да 300 кг прадукту.
Аўтаматызаваць працэс пакуль нерэальна з-за адсутнасці абсталявання, якое будзе надаваць сыру клінковую форму. Я пакуль не бачыла і на іншых заводах, каб яго рабілі механізаваным спосабам. А пакупнік прывык да таго, што сыр менавіта такой формы”.
Важным складнікам “сырнага” фэсту стала і народная дэгустацыя. Любы мінак змог аддаць свой голас за два любыя ўпадабаныя цвёрдыя сыры ў чатырох намінацыях: лепшы сыр з бактэрыямі, лепшы сыр расійскага тыпу, лепшы сыр галандскага тыпу і навінкі беларускага сыраробства.
Атмасферу свята стварала тэатралізаванае прадстаўленне, прысвечанае сыру. Акрамя лепшага сырнага павільёна журы ацаніла і малюнкі, выкананыя дзецьмі з раённых мастацкіх школ, Панямуньскага дзіцячага дома і дзіцячых цэнтраў творчасці.
Мерапрыемства было арганізавана Гродзенскім аблвыканкамам, “Малочным мірам” і канцэрнам “Белмясамалпрам” у мэтах павышэння культуры спажывання сыру і прасоўвання беларускага прадукту сярод насельніцтва.
Здымкі Яна Лялевіча
Больш фота з Фестывалю сыру глядзі ў галерэі тут. | ||