“Нёман” 0:1 “Дынама”

|

Пасля апошняга хатняга матчу, які праводзіў “Нёман”, засталіся толькі ўспаміны. Тады падапечныя Сяргея Саладоўнікава далі бой “Дынама”, абыграўшы іх з лікам 3:1. Здавалася б, мінчукі будуць і на гэты раз біты… Але дзе там!

 

Галандскі спецыяліст Роберт Маскант наладзіў сваю каманду толькі на перамогу, каб забяспечыць сабе важкі адрыў ад сапернікаў на трэцім месцы. І ўжо з першых хвілін мы назіралі карціну, якая задавальняла толькі “Дынама”.

 

Варта адзначыць, што людзей на стадыён у гэты выхадны дзень прыйшло мала. Калі параўнаць з мінулым хатнім матчам, то варта зрабіць выснову – нашы грамадзяне любяць халяву.

Першы небяспечны момант у першым тайме паўстаў ля вароты Гутара. Эсаме і Савіцкі разыгралі нядрэнную камбінацыю, апошні прабіў паблізу штангі варот Гутара. Паўлу не хапіла толькі крыху. Але праз тры хвіліны “Дынама” арганізоўвае атаку, якая прыводзіць да ўзяцця варот “Нёмана”. У складзе гасцей вызначыўся Бычанок.

 

Пасля гала “Нёман” нічога не мог прапанаваць свайму суперніку акрамя небяспечных прастрэлаў і далёкіх забросаў. У складзе “Дынама” быў актыўны Фiгерэда, які перад матчам усё хацеў забіць у вароты гарадзенцаў. Забяжым наперад: яму не ўдалося вызначыцца.

 

У першым тайме ад гаспадароў не было ні гульні, ні галоў. Заставалася толькі верыць, што ў другім тайме “Нёман” ўсё ж здолее забіць.

Другі тайм апынуўся не лепшым за першы. Тое, што чакалі ад “Нёмана”, заўзятары не ўбачылі. Гарадзенцы спрабавалі насядаць на вароты “Дынама”, але ўсё было безвынікова. Мінчане гулялі на контратаках, што ў іх добра атрымлівалася. Актыўны быў усё той жа Фiгерэда. У складзе “Нёмана” можна было адзначыць толькі Эсаме.

 

У канцоўцы сустрэчы “Дынама” адчувала націск з боку “Нёмана” і ўсялякім чынам імкнулася цягнуць час. Скажам так – адстаялi. У канцы сустрэчы адбылася патасоўка паміж гульцамі каманд, якая працягнулася і пасля фінальнага свістка. Прычынай было расісцкае выказванне футбаліста “Дынама” Быкава ў адрас гарадзенскага футбаліста Эсаме – “Чорны казёл!”. Як мы даведаліся пазней, канфлікт быў улагоджаны. Футбалісты папрасілі прабачэння адзін у аднаго.

 

 

 

Сяргей Саладоўнікаў пасля матчу:

 

“Хацелася б пачаць не з футбола. Мы, наогул, у футбол граем не толькі дзеля кубкаў, балельшчыкаў, але і дзеля павагі. Галоўны лозунг УЕФА – рэспект. Павага адзін да аднаго. Яшчэ ёсць лозунг “Не расізму!”.

 

Я ведаю Эсаме, і я ведаю, што ён пачуў у свой адрас. Для мяне такога футбаліста, як Быкаў, ужо не існуе. Хацеў бы папрасіць прабачэння ў Эсаме не толькі ад імя “Дынама”, але і за ўвесь беларускі футбол, што ў ім ёсць такія падонкі! Я не буду праводзіць ніякіх расследаванняў, няхай “Дынама” разбіраецца, праводзіць расследаванні – гэта іх праблемы.

 

Што тычыцца гульні , то я ўдзячны хлопцам за другі тайм. У першым тайме я не пазнаваў каманду. Каб абыграць “Дынама” трэба дзейнічаць актыўна з першых хвілін. Нам не хапіла арыгінальных рашэнняў у нападзе, імправізацый. Папракнуць каманду “Дынама” няма ў чым, сёння была сур’ёзная мужчынская барацьба. Акрамя аднаго чалавека, ужо другі раз запар – не чалавек зусім”.

 

Здымкі Яраслава Ванюкевіча, прэс-служба “Нёмана”