Прэзентацыя кнігі Юрыя Гардзеева “Тапанімія старажытнай Гародні (XII-XVIII стст.)”

|

Паводле самога Юрыя Гардзеева, галоўная мэта кнігі – змяніць спосабы мыслення гісторыкаў і чытачоў. Таму яе трэба трактаваць як спробу гістарычнага дыскурсу, які аналізуе культуру горада праз прызму сукупнасці моўных узаемадачыненняў гарадской супольнасці. Увага аўтара засяроджана на пошуках новых інтэрпрэтацый уласных імёнаў нашага горада.

 

“Тапанімія старажытнай Гародні (XII-XVIII стст.)” — першае ў Беларусі даследаванне, у якой зроблены аналіз эвалюцыі тапанімікону аднаго горада.

 

Аўтар разглядае пытанне паходжання ўласнага імя Гародні і ракі Нёман, усебакова аналізуе асобныя назвы гарадзенскіх вуліц і плошчаў, а таксама іншыя імёны ўнутрыгарадскіх аб’ектаў: паасобных пляцаў, касцёлаў, цэркваў, манастыроў, кляштараў, агародаў, сядзіб, гасцінцаў, асобных раёнаў горада. У працы зроблена спроба асвятлення аналізу каштоўнасных аспектаў эвалюцыі гарадзенскага ўрбананімікону. Кніга скіравана да тых, хто цікавіцца гісторыяй старажытнай Гародні і беларускіх гарадоў.

 

Пачатак прэзентацыі – 18.30 па адрасе: Гродна, вул.Будзёнага 48а (зала ва ўнутраным дворыку).

 

     
 

Гісторык Юры Гардзееў нарадзіўся ў Гродне ў 1967 г. У 1991 г. скончыў гістфак ГрДУ імя Янкі Купалы. У 1988-1992 гг. працаваў мастацтвазнаўцам у гарадзенскіх майстэрнях інстытута “Белспецпраектрэстаўрацыя”. У 1993-1995 гг. – выкладчык кафедры беларускай культуры ГрДУ.


У 1996-1999 – аспірант Педагагічнай акадэміі ў Кракаве (Польшча). У 2000 г. абараніў дысертацыю “Гародня ў XVIII ст. Даследванні над асваеннем гарадской прасторы, адносінамі ўласнасці і гарадскім насельніцтвам”. З 2005 г. – ад’юнкт Інстытута Расіі і Усходняй Еўропы Ягелонскага ўніверсітэта.


У 2011 годзе абараніў габілітацыю па тэме: “Цывільна-вайсковыя парадкавыя камісіі ў Вялікім Княстве Літоўскім у часы Чатырохгадовага Сойма (1789-1792)”.


Галоўныя накірункі даследванняў: гісторыя беларускіх гарадоў, сацыяльна-эканамічная і культурная гісторыя Гродна, рэформы мясцовага самакіравання ў ВКЛ у другой палове XVIII ст. У 2008 годзе ў “Гарадзенскай Бібліятэцы” пабачыла свет кніга Юрыя Гардзеева “Магдэбургская Гародня”.