Развіццю транспамежнага бізнеса перашкаджаюць чэргі на беларуска-польскай мяжы
Дзеля развіцця рэгіянальнага супрацоўніцтва польскія бізнесмены са свайго боку прапануюць стварыць транспамежны бізнес-цэнтр, ладзіць рэгулярныя сустрэчы, кантактныя біржы, кансультатыўныя семінары і выставы.
Такую думку выказаў прэзідэнт Падляскага клуба бізнеса Лех Ежы Пілецкі.
Але перадусім неабходная мадэрнізацыя памежных пераходаў.
Паводле генеральнага консула Беларусі ў Беластоку Аляксандра Берабені, мадэрнізацыя пачнецца ў бліжэйшы час.
Шматгадзінныя чэргі перашкаджаюць бізнес-кантактам, абмену дэлегацыямі, паездкам патэнцыйных інвестараў.
Каб разгрузіць мяжу, польскі бок пачынае ўводзіць асобныя палосы для тых, хто зарэгістраваў бланк вяртання НДВ (Tax Free) у Інтэрнэце.
У пунктах пропуску “Кузніца-Брузгі” і “Баброўнікі-Бераставіца” новаўвядзенне пачне дзейнічаць з 1 кастрычніка.
Зменьшыць чэргі павінны дапамагчы лагістычныя цэнтры ў Брузгах і Бераставіцы.
Аднак пакуль праца вядзецца на этапе распрацоўкі праектаў.
Польскія бізнесмены зацікаўленыя ў набыцці беларускіх будаўнічых матэрыялаў, азотных угнаенняў, рэалізацыі сумесных праектаў з ААТ “Гродна Азот”, супрацоўніцтве ў паліўна-энергетычнай галіне, металургіі, вырабе металаканструкцый, тавараў для медыцыны.
Паводле http://belta.by
Здымак http://euroradio.fm