Мінскія хуліганы пачалі бойку на матчы ў Навагрудку: заведзена крымінальная справа

У суботу ў Навагрудку праходзіў 22 тур чэмпіянату Гродзенскай вобласці па футболе. Да ФК “Навагрудак” прыехаў “Цэментнік” з пасёлка Краснасельскі Ваўкавыскага раёна. У сярэдзіне першага тайма “Цэментнік” забіў першы гол, а ўжо праз лічаныя хвіліны на стадыён выбегла каля двух дзясяткаў чалавек у чорных масках. Пачалася масавая бойка з фанатамі “Навагрудка”. Нападаючыя паспрабавалі скрасці сцягі, банер і барабан. Аднак на дапамогу фанатам “Навагрудка” прыйшлі іншыя прысутныя, а таксама футбалісты. У выніку, “чорныя маскі” ўцяклі.

Удалося затрымаць аднаго з нападнікаў – мінчука 1992 годна нараджэння. Аказалася, што бойку распачалі фанаты мінскай каманды “Партызан” (да 2010 года – “МТЗ-РІПА”). Дзеянні хуліганаў кваліфікаваныя следствам па ч. 2 арт.339 КК (хуліганства, здзейсненае групай асоб).

 

З-за бойкі арбітр вымушаны быў закончыць матч і залічыў “Навагрудку” тэхнічнае паражэнне з лікам 0:3.

 

Паводле БелаПАН