Музычны праект “Апошні золак” прэзентуюць у інтэрнэце

|

Трансляцыя прэм’еры пачнецца 5 кастрычніка ў 19.00 на старонках буйных беларускіх рэсурсаў TUT.BY, Naviny.by, Еўрарадыё, Наша Ніва ды іншых. Радыёверсія з’явіцца на Рацыі, а тэлевізійная – у эфіры Белсата. Плануецца выданне канцэртнага DVD.

 

Па словах каардынатара праекта Сяргея Будкіна, гэта будзе не проста канцэрт: песні дапоўняць пясочным шоў і відэаінсталяцыямі, акампаніраваць музыкам будзе ці не цэлы аркестр.

 

У праекце ўдзельнічаюць вядомыя беларускія музыкі: Лявон Вольскі, Аляксандр Памідораў, Ганна Хітрык, Наста Шпакоўская, Віктар Рудэнка, Зміцер Вайцюшкевіч і гарадзенец Алесь Дзянісаў – удзельнік гуртоў “Людзі на балоце” і Dzieciuki.

 

На відэа з рэпетыцыі бачна, што на гітары ў праекце грае вядомы гарадзенскі гітарыст Павел Трыпуць, які ўжо некалькі год жыве ў Мінску.

 

Кожны ўдзельнік праекта выканае песні прысвечаныя нейкаму спосабу смяротнага пакарання, або нейкаму аспекту гэтай праблемы, напрыклад, памылковым прысудам, з-за якіх гінуць нявінныя людзі.

 

Дзянісаў заспявае дзве песні: адну ён напісаў яшчэ шэсць гадоў таму, а выклаў у інтэрнэт у часе падзей, звязаных з судом і расстрэлам Канавалава і Кавалёва. Яна называецца “Калі ты націскаеш на спуск”.

 

Тэкст другой песні, напісанай адмыслова для праекта, Алесь стварыў у суаўтарстве з Дзянісам Жыгаўцом, які піша для гурта Dzieciuki. Песня называецца “1937”, але прысвечаная не толькі сталінскім рэпрэсіям, але рэпрэсіям у СССР наогул.

 

Праект “Апошні золак” прымеркаваны да Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца 10 кастрычніка.